Арыштаваныя чатыры генералы. Пра што сведчаць чысткі ў мінабароны РФ


У Міністэрстве абароны Расейскай Федэрацыі за апошні месяц пракацілася хваля гучных затрыманняў генералаў. Апошняе з іх здарылася 23 траўня: гэтым разам арыштавалі намесніка начальніка Генштаба Расеі генерала Вадзіма Шамарына. Ці ёсць сувязь паміж гэтымі арыштамі, пра што яны сведчаць і ці зможа гэта паўплываць на ход падзеяў на фронце? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з экспертамі.

Цімур Іваноў, Юрый Кузняцоў, Іван Папоў, Вадзім Шамарын.
Калаж: Белсат

Арышт Вадзіма Шамарына стаў чацвёртым усяго за месяц. 23 красавіка стала вядома пра затрыманне намесніка міністра абароны Расеі Цімура Іванова, 13 траўня быў арыштаваны начальнік Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны Юрый Кузняцоў. 17 траўня прыйшлі па былога камандуючага 58-й арміяй Паўднёвай ваеннай акругі Івана Папова. Усе арыштаваныя абвінавачваюцца ў карупцыі.

Арышт Шамарына

Афіцыйная версія затрымання начальніка Галоўнага ўпраўлення сувязі Узброеных сілаў РФ генерал-лейтэнанта Вадзіма Шамарына – хабар у асабліва буйных памерах. Згодна з расейскім заканадаўствам яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Вадзім Шамарын.
Фота: www.mk.ru

Паводле паведамлення 235-га гарнізоннага ваеннага суда, Шамарына арыштавалі на два месяцы – да 22 ліпеня.

Вядома таксама, што напярэдадні ў генерала прайшоў вобшук, пасля чаго яго даставілі на допыт у галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту РФ.

На пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўлення сувязі УС РФ Шамарын прабыў з 2021 года. У 2020 годзе па абвінавачанні ў махлярстве і атрыманні хабару быў арыштаваны папярэднік Шамарына Халіл Арсланаў.

Адметна, што менавіта сфера ваеннай сувязі ў Мінабароны РФ з’яўляецца адной з найбольш карумпаваных. Менавіта там «круцяцца вялізарныя грошы і рэгулярна здараюцца буйныя «пасадкі», а забяспечанасць расейскіх войскаў якаснымі сродкамі сувязі на фронце застаецца вельмі нізкай, адзначае «Русская служба BBC».

Цімур Іваноў – падначалены Шайгу

Першым у чарадзе стаў арышт намесніка міністра абароны Цімура Іванова. 23 красавіка 2024 года падначаленага Сяргея Шайгу затрымалі па падазрэнні ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, гэта значыць ад аднаго мільёна рублёў.

Цімур Іваноў.
Фота: Суды общей юрисдикции города Москвы / Telegram

Абвінавачанне сцвярджала, што Іваноў аказваў дапамогу пэўным кампаніям, якія выступалі падрадчыкамі Міністэрства абароны РФ, а ўзамен тыя бясплатна праводзілі будаўнічыя работы на аб’ектах, якія належалі намесніку міністра.

У сферы адказнасці Іванова былі закупкі ваеннай прадукцыі і будаўніцтва і рэканструкцыя аб’ектаў, якія належаць Міністэрству абароны РФ, у тым ліку на акупаваных тэрыторыях Украіны, напрыклад у Марыупалі.

Іваноў таксама даўні герой расследаванняў, якія праводзіў Фонд па барацьбе з карупцыяй Аляксея Навальнага. Ён уваходзіў у рэйтынг найбольш заможных сілавікоў у РФ, а даходы ягонай жонкі ў разы былі вышэйшыя за ягоныя.

У красавіку 2024 года праваахоўнікі заяўлялі, што Іваноў трапіў у аператыўную апрацоўку «не ўчора, не пазаўчора і нават не месяц таму».

Генерала Кузняцова затрымлівалі жорстка

Наступным у чарзе стаў начальнік упраўлення кадраў Міністэрства абароны РФ Юрый Кузняцоў. Яго затрымалі 13 траўня.

Адметна, што затрыманне генерал-лейтэнанта праходзіла падкрэслена жорстка: прама ў ложку, папярэдне ў ягоным асабняку павыломвалі вокны і браму.

Юрый Кузняцоў.
Крыніца: bloknot.ru

Паводле Следчага камітэту Расеі, Кузняцова падазраюць у тым, што ў 2021–2023 гадах ён, з’яўляючыся кіраўніком 8-га ўпраўлення Генштаба РФ, атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за «здзяйсненне пэўных дзеянняў на іхную карысць». То бок, паводле расейскіх Z-блогераў, у прыцэл трапілі дзеянні генерала не на «кадравай» пасадзе, якую ён пачаў займаць толькі з траўня 2023 года.

Следчы камітэт паведамляў, што падчас арышту ў генерала былі знойдзеныя грашовыя сродкі ў суме больш за 100 мільёнаў расейскіх рублёў, залатыя манеты, калекцыйныя гадзіннікі, прадметы раскошы.

Генерал Папоў: абвінавачанні ў махлярстве

Былога камандуючага 58-й расейскай арміяй генерал-маёра Івана Папова арыштавалі 17 траўня па падазрэнні ў махлярстве.

Паводле следства, Папова абвінавачваюць у тым, што ён мае датычнасць да крадзяжу летась у Запарожскай вобласці больш як 1,7 тысячы тон вырабаў металапракату, кошт якіх складае 130 мільёнаў расейскіх рублёў. Матэрыялы павінны былі выкарыстоўвацца для стварэння інжынерных абарончых збудаванняў на лініі судатыкнення з украінскімі войскамі.

Іван Папоў.
Крыніца: volgograd-trv.ru

У той жа час вядома, што Папоў рабіў рэзкія выказванні аб праблемах у расейскай арміі, у ліпені 2023 года іх апублікаваў дэпутат Дзярждумы Андрэй Гурулёў.

Пры гэтым адзначаецца, што папулярнасць Папова сярод шараговых вайскоўцаў была даволі высокай. Сама ж заява генерала з крытыкай становішча расейскіх войскаў прагучала неўзабаве пасля «паходу на Маскву» Яўгенія Прыгожына. Таму ў арышце генерала некаторыя бачаць працяг тэндэнцыі на зачыстку найбольш папулярных і самастойных камандзіраў.

23 траўня з’явілася інфармацыя, што Следчы камітэт Расеі папрасіў адпусціць генерала Папова пад хатні арышт. Такое рашэнне тлумачыцца следствам з улікам «характарызуючых фігуранта крымінальнай справы дадзеных, а таксама іншых акалічнасцяў, усталяваных у хадзе расследавання».

Якая сувязь у гэтых затрыманняў?

«Белсат» папрасіў пракаментаваць некалькіх экспертаў у вайсковай справе чараду затрыманняў, каб зразумець, ці ёсць паміж імі нейкая логіка.

Паводле вайсковага эксперта, які пагадзіўся паразмаўляць з намі на ўмовах ананімнасці, размовы пра казнакрадства і хабарніцтва ў Міністэрстве абароны РФ вядуцца ўжо даўно. Яшчэ кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын гаварыў пра тое, што чыны ў Мінабароны не даюць яму боепрыпасаў для штурмаў, з-за чаго гінула шмат расейскіх салдат, і абвінавачваў у гэтым наўпрост Сяргея Шайгу, Валерыя Герасімава і іхных падначаленых.

Згодныя з такім сцвярджэннем і іншыя эксперты. Паводле расейская ваеннага аналітыка Яна Мацвеева, гэтыя затрыманні звязаныя з «разгонам каманды Шайгу».

«Шайгу знялі з пасады міністра абароны. Натуральна, ён краў мільёны і ягоныя таварышы ў гэтым удзельнічалі. Зразумела, што гэта агульная сістэма, але прыйшоў новы міністр, у яго будзе свая каманда, таму ўсіх гэтых намеснікаў прыбіраюць. Прызначаць такіх жа, проста іншых, адпаведна карміцца будуць іншыя людзі», – адзначыў суразмоўца.

А паколькі трэба дадаткова аслабіць Шайгу, дый у цэлым пакараць кагосьці за тое, што расейская армія выглядае нездавальняюча, то караюць усіх гэтых намеснікаў.

Падбіраюцца да Герасімава і Шайгу

Але ці абазначаюць гэтыя затрыманні, што зараз над Сяргеем Шайгу і Валерыем Герасімавым «навісла» небяспека.

«Калі паглядзець, як Пуцін дзейнічае са сваімі ворагамі, то наўрад ці гэта будзе адразу. Калі мы паглядзім на прэцэдэнт з Чубайсам, якому Пуцін быў абавязаны, то ён жа доўга яго «не еў», трымаў. Я думаю, так жа будзе і з Шайгу, які зрабіў нямала паслуг Пуціну», – кажа ананімны вайсковы эксперт.

Уладзімір Пуцін разам з міністрам абароны Сяргеем Шайгу і начальнікам Генштаба РФ Валерыем Герасімавым. Снежань 2023 года.
Фота: Mikhail Klimentyev/Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

Расейскі кіраўнік робіць так, як у кітайскай прымаўцы: трымае сваіх ворагаў побач з сабой, працягвае суразмоўца. То бок ён не стаў яго звальняць, ствараючы тым самым патэнцыйную апазіцыю, а адправіў у «ганаровую ссылку», паставіўшы сакратаром Рады бяспекі да больш зручнага часу. І вось калі такі час надыдзе, то Пуцін зможа адсунуць Шайгу «куды далей». Але пры гэтым эксперт падкрэслівае, што наўрад ці былому міністру будзе пагражаць крымінальны артыкул, бо Пуцін «сваіх старых сяброў не кідае».

На думку вайскова-палітычнага аглядальніка групы «Інформаційний спротив» Аляксандра Каваленкі, уся гэтая сітуацыя сведчыць пра тое, што «падбіраюцца да самога Герасімава».

«Герасімаў – гэта не такая простая фігура, ён з афіцэраў «блакітнай крыві» ў расейскай арміі, адносіцца да спадчыннай дынастыі генералаў. Гэта няпросты клан, каб яго змясціць», – адзначае Каваленка.

На думку Каваленкі, менавіта таму зараз на пост міністра абароны паставілі чалавека грамадзянскага, у задачы якога зараз будзе ўваходзіць «чыстка» Міністэрства абароны ад карупцыянераў, на якіх павесяць усе няўдачы расейскай арміі пры наступе ва Украіны. Пры гэтым будзе закрануты і Генеральны штаб разам з пагрозай для самога Валерыя Герасімава, таму для «клана блакітнай крыві» ўзнікае пагрозлівая сітуацыя.

Ці паўплываюць гэтыя арышты на сітуацыю на фронце?

На думку ваеннага эксперта, які размаўляў з намі на ўмовах ананімнасці, чыстка гэтага «нарыва» прынясе дадатковыя ачкі Пуціну ў вачах франтавых генералаў, што можа павялічыць яго падтрымку. Таксама гэта можа павысіць баяздольнасць расейскіх войскаў і дапамагчы ў эканоміі ў ваеннай вытворчасці – бо за тыя ж грошы можа быць выраблена больш расейскай зброі.

Ну думку ваеннага аналітыка Яна Мацвеева, гэта ўсё можа толькі ўскосна паўплываць на сітуацыю на фронце.

«Ваенная бюракратыя пачне працаваць больш павольна з-за разрыву нефармальных сувязяў, што крыху ўскладніць прыняцце рашэнняў і аслабіць расейскія войскі ў найбліжэйшыя месяцы», – адзначыў суразмоўца «Белсата».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў