Прывід дэвальвацыі зноў блукае па Беларусі

Ізноў запалохваюць насельніцтва. І ёсць чаго баяцца. Досвед у нас у гэтай частцы выключна адмоўны. Насельніцтва не забыла ні штогадовых дэвальвацыяў 1990-х, ні навагодняга падарунку 2009-га, ні вялікага прывітання ад заробку «па 500» у 2011-м, ні «крымскай вясны». Ёсць у гэтым пэўная ўнікальнасць нашай радзімы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Жыхары суседняй Польшчы рэагуюць на ваганні курсу практычна індыферэнтна. Расейцы таксама прызвычаіліся жыць, вымяраючы сваё жыццё ў расейскіх рублях. Літоўцы даўно ўжо лічаць у еўрах, у іх у прынцыпе адсутнічае панятак «ваганне курсу» – вагацца няма чаму. І толькі беларусы, нягледзячы на 30+ гадоў жыцця ў краіне з уласнай валютай, усё гэтак жа працягваюць лёгка пералічваць у розуме і цэны, і заробкі. Калькулятараў не трэба, мазгі трэнаваныя дзесяцігоддзямі «стабільнасці».

Што ж адбываецца сёння? Ідзе разгон эканомікі за кошт «пустых грошай». Тэмп росту заробку – 13 %, тэмп росту ВУП – 5 %. Ёсць некаторы зазор: заўважаеце? Давайце «пойдзем простым лагічным шляхам».

Разгон заробкаў, якому ў іншай сітуацыі можна было б парадавацца (вось як растуць даходы!), на цяперашні момант выкліканы выключна рынкавымі прычынамі. У краіне катастрафічна не стае працоўных рук, і таму працадаўцы вымушаныя падымаць зарплату не таму, што працаўнік стаў лепш працаваць, вырабляць больш прадукцыі , а таму, што інакш ён сыдзе туды, дзе сёння прапануюць больш, і выбар у яго ёсць.

З гэтае нагоды дзяржава раней ставіла перад сабою канкрэтную мэту: рост прадукцыйнасці працы мае апярэджваць рост заробкаў, але ў цяперашні турбулентны час пра гэта неяк прызабылася.

Такім чынам, работнік адхапіў большую колькасць грошай за тую ж працу, нясе іх на рынак, у краму, дзе большага асартыменту тавараў і паслуг не з’явілася – ён жа іх не стварыў. І ў гэтай сітуацыі здаровая эканоміка павінна адрэагаваць ростам цэнаў. Але ў нас жа яны рэгулююцца, заціскаюцца. Выходзіць гэта не надта эфектыўна, інфляцыя ў 2,5 разу вышэйшая, чымся ў ЕЗ, але тым не менш і 5,6 % – таксама замала, не адлюстроўвае сітуацыі, «тэрмометр у нас паламаны».

І тут зноў, здавалася б, можна ўсцешыцца: грамадзянін на свае кроўна незаробленыя можа купіць больш. Што ж тут дрэннага? Усё б нічога, але калі заробак расце, а цэны і выпуск прадукцыі не надта, дык гэта мае адбіцца на фінансах прадпрыемстваў. І які цуд! Яно там і адлюстроўваецца. У цэлым па эканоміцы прыбытак прадпрыемстваў упаў на чвэрць, а ёсць сектары, дзе падзенне сягае 40 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Выдатны вынік –мы пераклалі грошы з кішэняў прадпрыемстваў у кішэні спажыўцоў. Якія будуць наступствы? У сектары прыватных прадпрыемстваў – банкруцтва гандлёвых (у першую чаргу) беларускіх прадпрыемстваў і прыход на іх месца расейскіх. Тэндэнцыя будзе выяўляцца і ў вытворчым сектары, але не так відавочна. У сегменце дзяржаўным будзем ізноў выцягваць грошы з бюджэту і раздаваць «сваім», проста цяпер спатрэбіцца болей такіх грошай.

Але і гэта ж яшчэ зусім не ўсё. Грамадзянін, што прыйшоў са сваймі грашыма ў краму, дзе беларускіх тавараў больш не стала, знервуецца, але змацаваўшы сваё патрыятычнае сэрца ўсё ж купіць што-небудзь імпартнае. Купіць, куды ж дзявяцца, калі свайго няма? І гэты працэс мы ўжо таксама фіксуем. Доля імпарту ў гандлі ураўноўвала рэзка, больш як на 3 адсоткавыя пункты, і пераваліла за 42 % у нехарчовых таварах. Гэта шмат, сотні мільёнаў долараў. І наступствам гэтага ёсць упершыню (з пачатку вайны) зафіксаванае перавышэнне нашага імпарту (і тавары, і паслугі) над нашым жа экспартам.

Урад ставіў за мэту зарабляць (у выглядзе гандлёвага сальда) каля $ 200 млн штоквартальна. Атрымалі ж за першы квартал мінус $ 92 млн, і тэндэнцыя нарастае. І менавіта гэтая лічба ключавая.

Мы ў цалкам іншай сітуацыі, чымся былі і ў 2022-м, і ў 2023-м, але спыніцца ж немагчыма. Акрамя разгону заробкаў, мы назіраем і рост спажывецкага крэдытавання – фактычна на чвэрць за год. І гэта таксама грошы, якія выліваюцца на рынак.

Апісаная канструкцыя, узаемасувязь не ёсць таямніцай, і дзіры ў гандлёвым балансе можна не заўважыць, толькі калі ўзмоцнена заплюшчваць вочы. Таму пра рызыкі чарговай дэвальвацыі пішуць не толькі незалежныя эканамісты, але і профільныя эксперты таго ж Нацыянальнага банку.

Якой яна будзе? Такой, якая дазволіць збалансаваць гэты разрыў паміж колькасцю «лішніх» грошай і наяўнасцю тавараў у эканоміцы. Пакуль катастрофы ўзроўню 2011 года, вядома, не відаць. Але і ў беларускіх рублях, на дэпазітах пад 13 %, я б асабістых грошай, вядома, не трымаў.

belsat.eu / ЮК

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў