Лакальныя поспехі расейцаў на разных участках. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 821-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 65-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ абстрэльваюць пазіцыі расейскіх войскаў з РСЗА БМ-21 «Град» у раёне лініі фронту ў Запарожскай вобласці, Украіна. 20 траўня 2024 года.
Фота: Andriy Andriyenko / Zuma Press / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі на двух участках фронту – каля сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ў ягоных ваколіцах (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што каля Ліпцаў Узброеныя сілы РФ прасунуліся на адлегласць ад 100 да 300 метраў. У гэты ж час на другім участку фіксуецца рух каля на адлегласць да 350 метраў.

Тым часам іншая прарасейская крыніца – «Рыбарь» – паведамляе, што ў Ваўчанску, нягледзячы на ранейшыя заявы, украінскія вайскоўцы захоўваюць пазіцыі ў паўночнай частцы гораду (за ракой Воўча). Адначасова з гэтым у населены пункт перакідаюцца рэзервы, якія маюць стабілізаваць фронт і адкінуць праціўніка.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра актывізацыю баявых дзеянняў на купянскім і ліманскім кірунках: тут цягам апошніх содняў ішлі баі ў ваколіцах населеных пунктаў Твэрдахлібава, Петрапаўлаўка, Іванаўка, Каламыйчыха, Новавадзяное, Кавалёўка, Новаягораўка, Стэльмахаўка, Неўскае, Бераставое, Торскае і Церны, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. Пры гэтым ва ўкраінскім камандаванні прызнаюць, што каля сяла Іванаўка праціўнік дасягнуў частковага поспеху.

Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» удакладняе, што войскам РФ удалося замацавацца на паўднёвых ускрайках Іванаўкі.

Акрамя гэтага крыніца сцвярджае, што ў Бераставым расейцы выйшлі да цэнтральнай часткі сяла, пры гэтым рэшта населенага пункту таксама не кантралюецца ЗСУ, знаходзячыся ў так званай шэрай зоне.

Агулам на абодвух кірунках актыўнасць расейцаў засяроджаная на ўсходзе ад рэк Аскіл і Жарабец, за якія яны намагаюцца адкінуць праціўніка.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На сівэрскім кірункі назіраецца больш спакойная для ЗСУ сітуацыя: расейцы цягам содняў атакавалі каля сяла Спірнае, але прасунуцца не здолелі.

На краматорскім кірунку Узброеныя сілы РФ паступова рухаюцца ў ваколіцах вышыннай забудовы на ўсходзе гораду Часаў Яр.

Ніжэй па лініі сутыкнення, нягледзячы на ранейшую заяву Міністэрства абароны РФ, працягваюцца баі на тэрыторыі сяла Клішчыеўка, дзе вайскоўцы ЗСУ захоўваюць частку пазіцыяў.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ застаецца і на пакроўскім кірунку, дзе яны намагаюцца развіць поспех на захадзе ад гораду Аўдзееўка.

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў каля сяла Ачэрэтына.

«Рыбарь» піша, што таксама войскі РФ дасягнулі поспеху у лесапаласе з захаду ад сяла Бэрдычы, у выніку чаго з поўначы ад гэтага ўчастку ЗСУ трапілі ў паўкацёл.

На курахаўскім кірунку працягваюцца баі ў горадзе Краснагораўка і сяле Парасковіеўка.

Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» фіксуе зачыстку расейцамі раёну абароны праціўніка на захадзе Краснагораўкі на тэрыторыі складоў, адначасова з гэтым УС РФ прасоўваюцца да цэнтральнай часткі гораду.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ ціснуць на так званым урэмаўскім выступе каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але істотных зменаў лініі сутыкнення за апошнія содні не адзначае ніводная з крыніцаў.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы наступаюць на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў і маюць лакальныя поспехі на паўночным захадзе ад сяла Вэрбовае.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, Сілы абароны краіны адбіваюць атакі праціўніка ў ваколіцах сяла Крынкі (на левабярэжжы Дняпра), а таксама праводзяць мерапрыемствы па ўзмацненні сваіх пазіцыяў.

Нагадаем, што раней праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» заявіў, што Збройныя сілы выйшлі з плацдарму ў Крынках і перамясціліся на больш зручныя для абароны пазіцыі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў