Краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя і Нарвегія створаць «сцяну з дронаў» для абароны ад Расеі


Краіны Балтыі сумесна з Польшчай, Фінляндыяй Нарвегіяй дамовіліся аб стварэнні «сцяны дронаў», якая будзе выкарыстоўваць БПЛА для абароны межаў з Расеяй. Аб гэтым заявіла міністр унутраных спраў Агне Білатайце, піша BNS.

Агне Білатайце.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэта зусім новая рэч – беспілотная сцяна ад Нарвегіі да Польшчы, мэта якой – выкарыстоўваць беспілотнікі і іншыя тэхналогіі для абароны нашых межаў», – сказала Агне Білатайце.

Паводле слоў міністра, для стварэння так званай «сцяны дронаў» краіны будуць выкарыстоўваць беспілотныя лятальныя апараты для назірання за пагранічнай зонай, а таксама сістэмы абароны ад дронаў, каб перадухіліць выкарыстанне дронаў з варожых краін для кантрабанды і правакацый.

Паводле яе слоў, зараз краіны ацэняць, якое «хатняе заданне» ім неабходна выканаць, а затым з дапамогай экспертаў нацыянальныя ўлады складуць план па рэалізацыі «сцяны дронаў». Пры гэтым яна не паведаміла, калі ідэя будзе рэалізаваная.

Таксама Білатайце не выключыла, што «сцяна дронаў» будзе створана на сродкі Еўрапейскага Звяза.

Акрамя таго, яна расказала, што на сустрэчы таксама было вырашана арганізаваць сумесныя вучэнні па эвакуацыі ў краінах рэгіёну.

«Мы пагадзіліся, што нам трэба будзе праверыць сябе ў рэгіянальных вучэннях, каб забяспечыць эвакуацыю насельніцтва, паглядзець, як нашы інстытуты гатовы працаваць, узаемадзейнічаць адзін з адным, якія нашы магчымасці па размяшчэнні людзей, якія магчымасці іншых краін, ці гатовы яны прыняць адпаведную колькасць людзей», – сказала міністр.

Раней Міністэрства абароны Расеі выкаціла план па аднабаковым пашырэнні марскіх межаў краіны з Літвой і Фінляндыяй. Менш чым праз 24 гадзіны яна выдаліла прапанову з урадавага сайта.

Hавiны
Мінабароны Расеі прапануе змяніць мяжу з Літвой, Фінляндыяй і Польшчай
2024.05.22 09:20

Таксама паведамлялася, што 23 траўня расейскія памежнікі прыбралі з ракі Нарва ў эстонскіх водах плывучыя буі, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння суднаходных шляхоў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў