Памежныя рэгіёны Расеі вярбуюць беларусаў на вайну з Украінай


Рэклама з вербаваннем грамадзянаў Беларусі на вайну з Украінай у складзе войскаў РФ з’явілася ў расейскай сацыяльнай сетцы «УКантакце». Таргетаваны пост, скіраваны на беларускіх карыстальнікаў сацсеткі, заўважыў «Флагшток» 23 траўня.

Расейскія палонныя.
Фота: UkrainianLandForces / Facebook

Рэкламная старонка названая «Служба по контракту», у якасці лагатыпу выкарыстаны афіцыйны беларускі герб. Старонка заклікае беларусаў дапамагчы «суседзям у барацьбе з праціўнікам». За падпісанне кантракту абяцаюць аднаразова выплаціць 450 тысячаў расейскіх рублёў (каля 5 тысяч долараў).

Спасылка ў допісе вядзе на цэнтр рэкрутынгу адміністрацыі адной з суседніх з Беларуссю вобласцяў РФ, дзе ёсць і раздзел для замежных грамадзянаў. На думку журналістаў, такім чынам рэгіён спрабуе выканаць норму вербавання кантрактнікаў за кошт беларусаў.

Паводле дзейнага заканадаўства, вербаванне для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ваенных дзеяннях, а таксама наёмніцтва ёсць крымінальнымі злачынствамі: артыкулы 132 (да 15 гадоў пазбаўлення волі) і 133 Крымінальнага кодэксу Беларусі (да 7 гадоў пазбаўлення волі) адпаведна.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў