Адвакат Інэса Аленская паведаміла, што другі дзень не можа трапіць да свайго падабароннага Рамана Пратасевіча.
«Учора мне было адмоўлена ў наведванні Рамана ў СІЗА са спасылкай на неабходнасць атрымання дазволу следчага», – кажа адвакатка.
Аленская спасылаецца на заканадаўства Беларусі, якое не патрабуе атрымання асобнага дазволу на наведванне падабароннага ў СІЗА, а артыкул 62 Канстытуцыі гарантуе кожнаму права на юрыдычную дапамогу ў любы момант.
«Мяне запрасілі сёння ў УСК па горадзе Менску для таго, каб даць мне дазвол следчага. Нягледзячы на тое, што гэта не абавязковы дакумент, я прыехала ў УСК, каб атрымаць такі дазвол, бо мне прынцыпова важна сустрэцца з Раманам сёння.
Я амаль паўтары гадзіны была ў УСК, дзе мяне запэўнівалі, што дадуць дазвол на наведванне. Але да гэтага часу так і не далі. Мне паведамілі, што дазвол на подпісе ў начальніка, і калі ён будзе падпісаны – не вядома.
Не дачакаўшыся адказу з УСК, пасля абеду я зноў прыйшла ў следчы ізалятар. Аднак атрымала нечаканы адказ – Рамана Пратасевіча ў іх няма», – распавядае Інэса Аленская.
АД, belsat.eu