Пачала дзеяць дамоўленасць паміж Ізраілем і тэрарыстычнай групоўкаю «Хамас» пра спыненне агню на чатыры дні. Перад гэтым Цагаль паспеў знішчыць падземны тунэль пад шпіталем «аш-Шыфа» ў Газе, піша «The Times Of Israel».
А 7:00 мясцовага часу набыла моц дамоўленасць пра часовае замірэнне паміж Ізраілем і «Хамасам». Пагадненне ўхвалілі пры пасярэдніцтве Катару.
Апошнія гадзіны перад спыненнем агню Армія абароны Ізраілю імкнулася выкарыстаць максімальна, працягвала абстрэлы сектару Газа і знішчыла падземны тунэль пад шпіталем «аш-Шыфа».
Плануецца, што а 16:00 мясцовага часу баевікі вызваляць 13 закладнікаў, пасля гэтага Ізраіль пачне выпускаць з турмаў зняволеных палестынцаў, асуджаных за тэракты і замахі на забойства. Спачатку – 39 жанчын і няпоўнагадовых.
Цягам наступных чатырох дзён «Хамас» мусіць адпусціць 50 жанчын і дзяцей. Ізраіль вызваліць 150 палестынцаў.
Дамова прадугледжвае, што габрэйская дзяржава пагаджаецца на дадатковы дзень замірэння за кожныя 10 вызваленых закладнікаў.
Акрамя таго, падчас спынення агню ў анклаў завязуць буйную партыю гуманітарнай дапамогі – найперш харчоў і паліва.
Раней дарадца ізраільскага прэм’ера Марк Рэгеў у эфіры CNN казаў пра крохкасць пагаднення з «Хамасам»:
«Мы мусім пачакаць і паглядзець. Мы ведаем, з кім маем справу. «Хамас» – жорсткая, бязлітасная тэрарыстычная арганізацыя, і мы павінны быць гатовыя да нечаканасцяў».
Часовае замірэнне з баевікамі ён назваў «пралічанаю рызыкаю».
Сцяпан Кубік belsat.eu