У судзе Фрунзенскага раёну Менску 16 лютага працягнулі працэс над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Нашых каляжанак вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.
На судзе глядзелі кавалкі стрыму, які дзяўчаты вялі з 14-га паверху дому на плошчы Пераменаў.
Адвакат сказаў, што некаторыя цытаты са стрыму, якія ёсць у матэрыялах справы, прыведзеныя некарэктна. І папрасіў далучыць параўнаўчае даследаванне са стэнаграмаю. Суддзя хадайніцтва задаволіў.
Пракурор прадэманстраваў два дыскі DVD з запісам стрыму. І пачаў зачытваць цытаты Каці. Абарона падала альтэрнатыўную стэнаграму.
Пракурор цытуе выказванні Кацярыны Андрэевай са стрыму, якія, як мяркуецца, даказваюць яе віну. Усе цытаты – канстатацыя фактаў. Адзіны заклік – «заклікаем быць асцярожнымі». Агулам больш за 10 цытатаў. Потым у суддзе пачалі глядзець пачатак стрыму.
Абаронца Кацярыны Сяргей Зікрацкі просіць прагледзець відэазапіс цалкам, бо толькі гэтак будзе зразумела, як вялі трансляцыю. Але суд пастанавіў глядзець толькі фрагменты, якія фігуруюць у пратаколе, «з мэтаю працэсуальнай эканоміі».
У стрыме Кацярына Андрэева канстатуе тое, што адбываецца на плошчы Пераменаў.
Суд глядзіць канец стрыму.
«Паглядзіце на гэтых смелых хлапцоў, якія спачатку збеглі, а потым вярнуліся на праезную частку. А цяпер стаяць насупраць ГУБАЗіКу і не сыходзяць», – гэта пракуратура лічыць таксама доказам каардынацыі і заклікаў.
У судзе глядзяць апытанне, якое дзяўчаты рабілі на плошчы Пераменаў у межах стрыму. Паводле абвінавачвання, гэтае апытанне таксама даказвае віну журналістак. Агулам праглядзелі больш за 10 фрагментаў стрыму.
Прагляд скончаны, абарона зрабіла заўвагі, што некаторыя фразы з пратаколу не гучалі ў прадэманстраваным відэа. Пракурор зачытвае пратакол дадатковага агляду доказаў і цытуе некаторыя фрагменты стрыму.
ІК, belsat.eu