Якія менавіта актывы замарожаныя, не паведамляецца. Але санкцыі датычаць 90 чалавек і 1100 юрыдычных асобаў – хутчэй за ўсё, у тым ліку з Беларусі.
Люксембургскія аператары замарозілі актывы падсанкцыйных асобаў і арганізацыяў на суму амаль € 4,267 млрд, паведамляе Міністрэства фінансаў Люксембургу. На запыт міністэрства Люксембургскі бізнес-рэестр праверыў гандлёвыя рэестры на прысутнасць кампаніяў і асобаў, супраць якіх былі ўведзеныя санкцыі за напад Расеі на Украіну.
Замарожванне актываў адбываецца паступова: у сакавіку Люксембург паведамляў, што замарожаныя актывы толькі на € 2,5 млрд.
Чые менавіта актывы замарозілі, невядома. Але магчыма, што замарожаныя і актывы, звязаныя з Беларуссю: Люксембург выконвае санкцыі Еўразвязу і мае ўласныя санкцыі адносна Беларусі. Сярод гэтых санкцыяў і тыя, што былі ўведзеныя за напад Расеі на Украіну.
Люксембург – невялікае княства на захадзе Еўропы, дзе жывуць менш за 650 тысяч чалавек. Гэта адна з найбагацейшых краінаў свету, якую нярэдка называюць «падатковым раем».
Алесь Наваборскі belsat.eu