Ці зробіць Крэмль з Беларусі наступны Крым?


Відэа новай расейскай вайсковай тэхнікі, якая ўвесь час прыбывае ў Беларусь, запаланілі інтэрнэт. Танкі, знішчальнікі, ракетныя комплексы – нашая краіна пераўтварылася ў вайсковы плацдарм для магчымага нападу на Украіну. Паўстае пытанне: чаму Расея яшчэ не напала? За ім паўстае іншае: гэта не блеф? А калі так, то на што разлічаны? Можа, гэта ўлюбёны расейскі метад захопу тэрыторыі – паводле крымскага сцэнара?

Гэтак плаўна і амаль бязгучна на беларускіх аэрадромах асядаюць грошы расейскіх падаткаплатнікаў. Адзін такі знішчальнік СУ-35, якія Расея сёння накіравала ў нашую краіну, каштуе каля $ 30 мільёнаў. Усяго прыляцелі 12.

На мове завуаляванай палітычнай агрэсіі прысутнасць знішчальнікаў на беларускіх землях завецца баявым дзяжурствам. Маўляў, усяго толькі праверыць супрацьпаветраную абарону саюзнай дзяржавы. Наземную нядаўна ўжо праверылі двума дывізіёнамі зенітных ракетных комплексаў С-400. Гэтак Расея здзейсніла даўнішнюю мару Лукашэнкі, лічыць палітычны аглядальнік Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў, палітычны аглядальнік:

«Самая вялікая інтрыга – што будзе з гэтымі комплексамі супрацьпаветранай абароны? Яны прывозяць гэтыя С-400 сюды, і потым: ці яны пакінуць іх і ў якім выглядзе? Бо Лукашэнка заўсёды хацеў атрымаць гэтыя С-300, С-400. Гэта такая мара заўсёды.

І тут іх прывозяць і могуць, здаецца, пакінуць, мара здзейсніцца, але ў якім выглядзе? Дзе? Гэта будзе расейскае абслугоўванне? Тады расейскія вайскоўцы застануцца тут у нейкай частцы. Яны размесцяцца стацыянарна ў нейкай лакацыі і будзе там яшчэ адна дэ-факта міні-база расейская».

Што будзе з нявыкарыстанай у імавернай вайне тэхнікаю – пытанне другаснае, прынамсі для NATO. На першым плане – не дапусціць вайсковага ўварвання ва Украіну. А Беларусь у такім выпадку – выдатная пляцоўка.

Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO:

«Значнае павелічэнне прысутнасці гатовых да бою расейскіх войскаў Беларусі, кіраванне туды прасунутых сістэмаў, як С-400, а таксама самалётаў – усё адбываецца цяпер. І гэта называюць вучэннямі. Менавіта таму патрэбная інспекцыя і празрыстасць вучэнняў. Мы бачылі гэта ў 2014 годзе ў Крыме. Мы бачым, што павышэнне баявой гатовасці сілаў у межах вучэнняў выкарыстоўваюць як прыкрыццё, каб пачаць атаку».

Ці пачне Расея атаку – цяпер галоўнае пытанне для свету. Для Беларусі ж паўстае іншае: а ці гэта не запланаваная акупацыя менавіта нашай краіны? Шмат якія відэа, што людзі самі дасылаюць у тэлеграм-каналы ды ў рэдакцыі беларускіх медыяў, – таму сведчанне.

Каміль Клысіньскі, эксперт у справе Беларусі, Цэнтр усходніх даследаванняў, Польшча:

«Акупацыя – гэта вельмі моцная справа. Акупацыя – гэта ўжо поўны кантроль над дзяржаваю насуперак гэтай дзяржавы. Не па жаданні, мякка кажучы, уладаў і грамадства гэтай дзяржавы. Я не думаю, што нават Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб адбылася натуральная акупацыя. Ён тады згубіць усё. Ён таксама выкручваецца, але мы мусім разумець, што поле і прастора для манеўру ў яго вельмі абмежаваная. І тое, чаго ён можа дасягнуць – гэта змякчэнне наступстваў расейскага ціску і росту расейскага ўплыву ў Беларусі. І для Расеі гэта таксама рызыкоўна – уводзіць на поўную катушку войскі ў Беларусі і пакідаць іх там на пастаянна».

Выглядае, што Лукашэнку такая пастаноўка пытання насамрэч не да душы. Адным з першых гэтую думку выказаў беларускі палітык Зянон Пазняк. Словы закранулі так, што адказ хутка з’явіўся на «Пуле Первого».

Аляксандр Лукашэнка:

«Ну дзе ж ты быў, замагар за суверэнітэт, незалежнасць у 2020 годзе, калі нас вось-вось гатовыя былі акупаваць? Чаму тады не абараняў суверэнітэту і незалежнасці? Дзе ты быў?»

Дый прасторы для некалі ўлюбёнай гульні Лукашэнкі – манеўранасці – цяпер увогуле няма. Непрызнанне яго як лідара Захадам, ад іх жа 5 пакетаў санкцыяў і поўная залежнасць ад Расеі, як фінансавая, гэтак і палітычная – прызнанне Крыму ды падпісаныя дарожныя мапы для інтэграцыі. Так што абвастрыць абстаноўку з Украінай яму проста давялося. Сам у гэтым прызнаецца. Праўда, вінаваты ў яго ўсё адно іншыя.

Пачатак вучэнняў «Саюзная рашучасць» запланаваны на 10 лютага. Калі зыходзіць з крымскага сцэнара, вучэнні могуць пераўтварыцца ў акупацыю, прынамсі часовую. Аднак ці выгадна гэта Расеі – карміць не толькі Лукашэнку, але і армію, няхай і сваю. Пытанне ў тым, ці лічыць Пуцін магчымыя кошты такой ціхай акупацыі.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў