Сабраць дзіця ў школу будзе на 10 % даражэй, чым летась


У Менску 15 ліпеня распачынаецца пашыраны продаж тавараў да новага навучальнага года. Начальніца аддзелу развіцця гандлю і паслугаў дзяржаўнага аб’яднання «Сталічны гандаль і паслугі» Анастасія Макарская распавяла агенцтву «Минск-Новости», колькі сёлета каштуе падрыхтавацца да школы.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belnovosti.by

Зборы вучня пачатковай школы абыдуцца бацькам у суму ад 370 да 1122 рублёў, вучня старэйшых класаў – ад 462 да 1392 рублёў. У параўнанні з мінулым годам кошты рыхтавання да школы выраслі на 10 %.

Лічбы фармуюцца на падставе рэкамендаванага спісу тавараў, неабходных вучням для навучальнага працэсу.

«У гэты спіс уваходзяць адзенне дзелавога стылю, абутак, галантарэя, у тым ліку заплечнік, канцылярыя і іншыя школьныя прылады. Трэба адзначыць, што вышэйназваныя сумы прыведзеныя без уліку зніжак. Пакупнікі змогуць ашчадзіць на таварах для навучальнага года, калі прыйдуць у сталічныя ўнівермагі ў спецыяльныя дні зніжак», – распавяла Макарская.

Ва ўнівермагах і на школьных базарах будуць арганізаваныя адмысловыя стойкі з указаннем канкрэтных школаў, і на адпаведных стойках можна будзе набыць першы і другі абавязковыя элементы школьнай формы.

«Мы прааналізавалі статыстыку, атрыманую ад сталічных установаў адукацыі, пра тое, які ў іх уведзены другі адзіны элемент школьнага адзення. І пад патрэбы ў кожным раёне гэтыя элементы пастаўленыя. У некага гэта адзенне пэўнага колеру, напрыклад, блакітная кашуля, у некага – спадніца ці штаны чорнага колеру, хтосьці ўводзіць дадаткова да эмблемы камізэльку», – растлумачыла прадстаўніца аб’яднання «Сталічны гандаль і паслугі».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў