Журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву 30 чэрвеня выставілі новае абвінавачанне паводле ч. 1 арт.356 Крымінальнага кодэксу Беларусі – здрада дзяржаве. Пра гэта паведамляе БелаПАН, які атрымаў інфармацыю ад Антона Гашынскага, адваката Аляксандрава.
Цяпер Андрэю Аляксандраву пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Журналіста трымаюць у СІЗА. Яго арыштавалі амаль шэсць месяцаў таму, 12 студзеня, і абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Максімальны тэрмін утрымання пад вартаю паводле гэтага артыкулу – шэсць месяцаў, і ён заканчваецца 12 ліпеня.
Разам з Аляксандравым была затрыманая ягоная сяброўка Ірына Злобіна. Ці інкрымінуюць здраду дзяржаве і ёй, невядома.
Намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч заяўляў, што Аляксандраў і Злобіна падазраюцца ў фінансаванні пратэстаў шляхам аплаты штрафаў і ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ затрыманым падчас пратэстаў. Як сцвярджаў МУС, журналіст з 22 жніўня да 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Грошы на аплату ён атрымліваў ад ініцыятывы Byhelp.
Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Аляксандрава палітвязнем.
ГГ, belsat.eu