Наймітам Лукашэнкі далі больш зброі, адабралі зброю ў паштальёнаў і фізкультурнікаў


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі яшчэ ў студзені вырашыла змяніць нормы забеспячэння зброяй службовых асобаў, у тым ліку наймітаў кампаніі «ГардСэрвіс» – адзінай у Беларусі прыватнай вайсковай кампаніі. Пастанову чамусьці апублікавалі толькі праз пяць з паловай месяцаў пасля ўхвалення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Замежная агнястрэльная зброя, якую насілі беларускія сілавікі падчас «аховы» мірных сходаў.
Выява: Remington Arms Company / LLC / O.F. Mossberg & Sons / Fabarm-Fabbrica Bresciana Armi SpA / Benelli Armi SpA / SIG Sauer / Glock GmbH / даклад FIDH

Пастанова міністра Івана Кубракова рэгулюе, колькі і якой зброі трэба выдаваць супрацоўнікам Міністэрства лясной гаспадаркі (і не толькі егерам і ляснічым – міністру лясной гаспадаркі належыць даць пісталет), інкасатарам і наймітам адзінай у Беларусі прыватнай вайсковай кампаніі «ГардСэрвіс».

«ГардСэрвіс», паводле расследавання «BELPOL», займаецца ў асноўным аховай двух чалавек, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі: куратара ягоных афрыканскіх праектаў Віктара Шэймана і вядомага сеткай шапікаў «Табакерка» блізкага да Лукашэнкі алігарха Аляксея Алексіна. Паводле расследавання «Бюро», кампанію ўзначальвае даўні целаахоўнік самога Лукашэнкі Юрый Альшэўскі. Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны сцвярджаў, што ў «ГардСэрвіс» заклікалі перайсці баевікоў расейскай «групы Вагнэра», якія раней трэнавалі супрацоўнікаў кампаніі.

Лукашэнка дазволіў «ГардСэрвісу» ўжываць зброю яшчэ ў чэрвені 2020 года. Праз год МУС дазволіла «ГардСэрвісу» мець пэўную колькасць зброі: савецкія, расейскія, аўстрыйскія, нямецкія і чэшскія пісталеты, аўтаматы Калашнікава, карабіны і снайперскія вінтоўкі.

Цяпер спіс выправілі:  «ГардСэрвісу» дадалі 60 пісталетаў Макарава (ПМ), 30 пісталетаў «Glock» (версіяў 17, 19 і 34), 40 аўтаматаў Калашнікава серыі АК-74 і яшчэ 40 – серыі АКМ. Агулам «ГардСэрвіс» мае ўжо не 290, а 460 ствалоў.

Разам з тым, са спісу кампаніяў, якім належыць мець зброю, зніклі «Белпошта», фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама», таварыства паляўнічых і рыбаловаў, кампанія «Энерга-Оіл» (якая акрамя «Табакерак» мела яшчэ спартова-стралковы комплекс пад Менскам), і таварыства спрыяння арміі – ДТСААФ.

Кампаніі «ГардСэрвіс» знізілі нормы па боепрыпасах. Незніжальны запас патронаў на аўтамат знізілі са 120 да 30, пісталет – з 32 да 16, рэвальвер – з 28 да 14, карабін і снайперская вінтоўка – з 40 да 20. Разам з тым, павялічылі нормы колькасці патронаў для практычных стрэльбаў і нормы праверкі бою на адзінку зброі на год, цяпер з пастраляць з любой зброі для праверкі можна 40 разоў на год.

У канцы мінулага года «ГардСэрвісу» набылі браняваны джып за 315 тысяч долараў.

Гісторыі
«Лукашэнкаўскія вагнэраўцы» заняліся будаўнічым бізнесам. Расследаванне «BELPOL»
2023.11.19 10:28
Стужка навінаў