Расея абстраляла гіпермаркет у Харкаве, загінулі чатыры чалавекі, шмат зніклых


Удзень 25 траўня расейскія войскі нанеслі чарговы ўдар па цывільнай забудове Харкава. Гэтым разам удар прыйшоўся па будаўнічым гіпермаркеце. Вядома пра прынамсі дзвюх загінулых асобаў, але яшчэ шмат людзей лічацца зніклымі.

Пажар у выніку расейскага ўдару па Харкаве, Украіна. 25 траўня 2024 года.
Фота: Харьков Life / Telegram

Гарадскі кіраўнік Харкаву Ігар Тэрэхаў паведаміў пра чарговы абстрэл а 16:00 паводле ўкраінскага часу. Праз 15 хвілінаў ён паведаміў, што ўдар прыйшоўся па будаўнічым гіпермаркеце. Папярэдне было вядома пра двух загінулых, але шмат людзей лічацца зніклымі без вестак. Ахвяраў можа быць больш, бо ў гандлёвым цэнтры было шмат людзей – магчыма, каля 200.

Яшчэ адзін удар прыйшоўся па Цэнтральным парку. Там снарад не разарваўся, пацярпелых няма.

Тэрэхаў назваў удары «чыстым тэрарызмам». Ён таксама адзначыў, што побач з гіпермаркетам няма аніводнага вайсковага аб’екту.

Кіраўнік харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сынегубаў расказаў, што ўдар нанеслі кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі. Удар выклікаў пажар на плошчы 15 тысячаў м².

Абноўлена. Ад удару па гіпермаркеце загінулі чатыры чалавекі, не менш як 40 параненыя. А палове на 20-ю паводле ўкраінскага часу па цэнтры Харкаву нанеслі яшчэ адзін удар, пацярпелі 14 чалавек, у тым ліку 13-гадовы хлопец.

Харкаў быў пад сталымі абстрэламі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У 2022 годзе расейскім войскам не ўдалося захапіць гораду, але ў 2024-м Расея аднавіла наступ на Харкаўшчыне. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што прарыў у Харкаўскай вобласці скончыўся вайсковымі ахвярамі 8 да 1: восем расейцаў на аднаго ўкраінца. Паводле яго, сілы абароны Украіны ўжо ўзялі памежжа Харкаўскай вобласці пад «баявы кантроль».

Пасля ўдару Зяленскі апублікаваў зварот, у якім нагадаў, што просіць у сусветных лідараў дастатковай колькасці сродкаў супрацьпаветранай абароны, каб не дапусціць гэткіх тэрарыстычных удараў.

Аналітыка
Наступленне Расеі на Харкаўшчыне: што гэта значыць і чаго чакаць далей?
2024.05.15 19:55

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў