Фота: finance.obozrevatel.com
Расейскі лідар запэўнівае, што эканоміка краіны адаптавалася да новых умоваў.
«Мы практычна пераадолелі спад, створаныя базавыя ўмовы для выхаду на траекторыю росту», – сказаў Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з прадстаўнікамі міжнароднай інвестыцыйнай супольнасці.
«Эканоміка адаптавалася да новых умоваў і атрымала канкурэнтныя перавагі ў выніку ўвядзення гнуткага курсу нацыянальнай валюты», – сказаў прэзідэнт Расеі.
Напрыканцы траўня прэмʼер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў падчас візіту ў Крым пагутарыў з мясцовымі жыхарамі на тэму пенсіяў. У адказ на просьбу пажылой крымчанкі падняць выплаты, прэмʼер Расеі заявіў, што грошай цяпер у бюджэце няма.
На відэа чуваць, як жанчына скардзіцца на пенсію ў Ru 8 тыс. і пытаецца ў Мядзведзева, дзе ж абяцаная індэксацыя.
Расейскі прэмʼер у сваю чаргу кажа, што падняць пенсіі ў адным рэгіёне немагчыма. «Ну вы тут трымайцеся, усяго вам добрага, добрага настрою і здароўя!», – кажа Мядзведзеў і адыходзіць.
ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.by