«Хамас» і Ізраіль дамовіліся пра гуманітарную паўзу і вызваленне часткі закладнікаў


Гуманітарная паўза ў сектары Газа пачнецца 24 лістапада а 07:00. Пра гэта 23 лістапада паведаміла Міністэрства замежных справаў Катару. Інфармацыю таксама пацвердзілі ў «Хамасе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія вайскоўцы ў Газе. 14 лістапада 2023 года.
Фота: Idf.il

Паводле катарскіх дыпламатаў, першымі будуць вызваленыя 13 закладнікаў, захопленых палестынскай групоўкай. Першая група будзе вызвалена а 16:00. Катар імкнецца да таго, каб гэтая здзелка завяршылася працяглым перамір’ем. Частка з тых, хто падлягае вызваленню ў пятніцу, – пажылыя жанчыны і дзеці.

Офіс ізраільскага прэмʼер-міністра пацвердзіў атрыманне спісу закладнікаў, якія падлягаюць вызваленню 24 лістапада.

Закладнікі будуць перададзеныя прадстаўнікам Чырвонага Крыжа.

Times of Israel піша, што перамірʼе будзе доўжыцца чатыры дні. Агулам «Хамас» абяцае вызваліць 50 закладнікаў, а Ізраіль – па тры зняволеных палестынца за кожнага вызваленага закладніка. Таксама ў асноўным жанчын і падлеткаў, асуджаных за тэрарызм.

Першы мірны прэцэдэнт

Украінскі аналітык Ілія Куса ў сваім тэлеграм-канале пра Блізкі Усход адзначае, што калі перамір’е пачнецца, то гэта будзе першае спыненне агню паміж бакамі амаль за 50 дзён вайны.

На яго думку, перамірʼем скарыстаюцца рэгіянальныя краіны і ЗША, каб «зрабіць з яго доўгатэрміновае або звесці інтэнсіўнасць баёў да мінімуму». Тым больш, што Ізраіль такім чынам ужо закладае прэцэдэнт, што «можа адкрыць дарогу да наступных перамірʼяў».

Куса мяркуе, што «Хамас» будзе спрабаваць маніпуляваць грамадскай думкай, што гэтай вайна і была нібыта за дзеля жанчын і дзяцей у ізраільскіх турмах.

Пры гэтым, кажа аналітык, «чым даўжэй будзе доўжыцца перамірʼе, тым больш актыўна будзе станавіцца пытанне ізраільскай ваеннай прысутнасці ў паўночнай Газе: заставацца ці сыходзіць».

Вайна паміж Ізраілем і «Хамасам» пачалася 7 кастрычніка з нападу баевікоў на габрэйскія пасяленні, але пасля баявыя дзеянні былі перанесеныя на тэрыторыю Сектару Газа.

Агляд
Вайна ў сектары Газа не спыняецца. Што адбылося за тыдзень – і чым усё можа скончыцца
2023.11.18 08:10

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў