ЗСУ ўпершыню нанеслі авіяўдар па тэрыторыі Расеі


Самалёт ЗСУ ўпершыню нанёс наўпроставы ўдар па аб’екце на тэрыторыі Расеі. Пра гэта паведамляе брытанскі тэлеканал «Sky News».

Крыніца «Sky News» у ЗСУ распавяла, што ўдар быў нанесены па камандным пункце расейскай арміі ў Белгародскай вобласці. Ацэнка наступстваў атакі яшчэ праводзіцца, аднак пацверджана, што гэта было наўпроставае траплянне.

Які тып боепрыпасаў выкарыстоўваўся ЗСУ, не паведамляецца. Але гэта першы выпадак, калі ўкраінскі самалёт ударыў па тэрыторыі РФ.

Раней у сеціве зʼявілася інфармацыя, што ЗСУ нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Ракіцянскім раёне Белгародскай вобласці, там пачаўся вялікі пажар і была чуваць серыя выбухаў. Мясцовыя ўлады паведамілі пра «пажар у нежылым памяшканні».

Аналітыка
Крок да эскалацыі ці да карэннага пералому? Што азначае дазвол на ўдары па аб’ектах у РФ
2024.06.03 19:23

Нагадаем, на мінулым тыдні Злучаныя Штаты і больш за дзясятак краінаў Еўропы афіцыйна далі Украіне дазвол на выкарыстанне заходняй зброі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Гэта значыць, што ЗСУ цяпер могуць наносіць удары крылатымі ракетамі класу паветра – зямля «Storm Shadow» (Вялікая Брытанія) і SCALP-EG (Францыя), далёкасць якіх можа дасягаць 250 км.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў