Акупацыйная адміністрацыя Запарожскай вобласці пахвалілася супрацай з Беларуссю


Яўгеній Баліцкі, які кіруе расейскай акупацыйнай адміністрацыяй Запарожскай вобласці Украіны, расказаў у Telegram пра «падтрымку і дапамогу ад беларускага народу».

Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі (злева) цісне руку амбасадару Беларусі ў Расеі Дзмітрыю Крутому на Пецярбургскім эканамічным форуме. Санкт-Пецярбург, Расея. 7 чэрвеня 2024 года.
Фота:  Балицкий Евгений / Telegram

«Губернатар» акупаванай часткі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі распавёў, што быў рады сустрэць амбасадара Беларусі ў Расеі Дзмітрыя Крутога на Пецярбургскім эканамічным форуме, бо «Рэспубліка Беларусь з першых дзён працягнула руку дапамогі і падтрымкі Запарожскай вобласці», за што ён выказаў падзяку нават не ўладам Беларусі, а беларускаму народу.

Паводле яго, Беларусь супрацоўнічае з акупацыйнай адміністрацыяй у эканоміцы, культуры, спорце і турызме. Спартоўцы з акупаваных тэрыторыяў бяруць удзел у спаборніцтвах у Беларусі, а на Дзень Перамогі дэлегацыя акупантаў прайшла маршам «Бессмяротнага палка» вуліцамі Берасця.

Раней акупацыйная адміністрацыя Запарожскай вобласці распавядала, што там плануюць распачаць збіранне беларускіх трактароў.

Ва Украіне Баліцкага завочна асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі і канфіскацыю маёмасці.

30 верасня 2022 года Расея заявіла пра акупацыю чатырох абласцей Украіны, у тым ліку Запарожскай. Але як тады, так і цяпер Расея кантралюе толькі дзве траціны Запарожскай вобласці – абласны цэнтр захапіць так і не ўдалося, фармальна анексаваны горад рэгулярна абстрэльваюць расейскія войскі.

Цяпер у Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе фронту каля гораду Арэхаў, але зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Агляд
Вайна ва Украіне: у Пуціна сканчаецца час для прарыву, маштабных аперацыяў не чакаецца
2024.06.09 08:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў