Як вынікі выбараў у Еўрапарламент паўплываюць на Еўропу, Украіну і Беларусь?


Папярэднія вынікі выбараў у Еўрапейскі парламент сталі вядомыя 10 чэрвеня. Перамаглі правацэнтрысты, скрайне правыя набралі больш галасоў, найбольш страцілі цэнтрысты і сацыял-дэмакраты. Што зменіцца ў Еўразвязе і ў стаўленні Еўразвязу да Беларусі? «Белсат» спытаў у экспертаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Брытанцы на маршы пратэсту супраць выхаду Злучанага Каралеўства з Еўразвязу. Лондан, Вялікая Брытанія. 23 сакавіка 2019 года.
Фота: Garry Knight / Wikimedia / CC0

Што будзе з Еўразвязам: правы ўхіл, але дамінаванне цэнтрыстаў

Аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Агнешка Легуцка казала ў ранішнім эфіры «Вот Так», што на еўрапейскім узроўні будуць па-ранейшаму кіраваць тыя ж сілы: правацэнтрысцкая «Еўрапейская народная партыя» не толькі захавала першае месца, але і атрымала крыху больш дэпутатаў. Урзуля фон дэр Ляен, хутчэй за ўсё, застанецца прэзідэнткай Еўракамісіі.

Еўраскептыкі і правыя папулісты ўзмацнілі пазіцыі, але не паўсюль, нагадвае суразмоўца: у Вугоршчыне і Швецыі правыя не мелі вялікіх перамог. Гэтае ўзмацненне трывае не першы год, і хоць пакуль не мяняе палітыкі Еўразвязу, яго трэба ўлічваць еўрапейскім палітыкам. Скрайне правыя «сябры Крамлю» могуць уплываць на ўнутраную палітыку сваіх краінаў, але наўрад ці на замежную палітыку Еўразвязу: Расею будуць надалей бачыць пагрозай, Украіну – падтрымліваць.

Найбольшым шокам гэтых выбараў экспертка называе тое, што адбылося ў Францыі: пасля перамогі скрайне правых і паразы цэнтрыстаў на выбарах у Еўрапарламент прэзідэнт Эманюэль Макрон вырашыў распусціць нацыянальны парламент і прызначыць пазачарговыя выбары. Калі скрайне правая апазіцыянерка Марын Ле Пэн атрымае бальшыню, можа быць змена ў стаўленні Францыі да кааліцыі супраць Расеі. І Расея можа спрабаваць уплываць на выбары ў Францыі і пазней у Нямеччыне.

Hавiны
Францыя: правыя перамаглі на выбарах у Еўрапарламент, Макрон распускае Нацыянальны сход
2024.06.09 22:42

Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных дачыненняў расказаў «Белсату», што з «правым крэнам», які відаць у выніку выбараў, зменіцца агульнаеўрапейскі парадак дня. Калі «Зялёныя» страцілі шмат месцаў, а правыя здабылі, можна чакаць меншага акцэнту на экалогію і большага на міграцыю.

Але кардынальных зменаў не будзе, прагназуе Ніжнікаў. Хутчэй будзе пераемнасць: «Еўрапейская народная партыя» і фон дэр Ляен застануцца пры ўладзе. Ён нагадвае, што ўльтраправую партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны» перад выбарамі выключылі са скрайне правай групы Еўрапарламенту «Ідэнтычнасць і дэмакратыя» праз шчыльныя сувязі з Расеяй – нават Ле Пэн не хоча мець з імі справаў.

Экспертка Еўрапейскай сеткі лідарства і Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Кацярына Глод  сказала ў каментары «Белсату», што вялікіх сюрпрызаў на гэтых выбарах не было: ухіл у радыкальны правы бок быў нават не настолькі вялікі, як прагназавалі, і ўльтраправыя не атрымалі вялікай перавагі, каб мяняць палітыку. Сацыялісты і дэмакраты страцілі галасы, але засталіся другой сілай у Еўрапарламенце, таксама і «Абнавіць Еўропу» («партыя Макрона») страціла галасы, але засталася на трэцім месцы.

Сябры «Нацыянальнага аб’яднання» сустракаюць навіны аб перамозе на французскіх выбарах у Еўрапарламент. Лідарка партыі Марын ле Пэн – справа ў чырвоным фатэлі. 9 чэрвеня 2024 года.
Фота: Marine Le Pen / X

Больш важныя страты «ліберальных галасоў» менавіта ў Нямеччыне і Францыі: французска-нямецкі «лакаматыў», які вядзе за сабой Еўразвяз у замежнай палітыцы, абароне і эканоміцы, паказаў нездавальняючыя вынікі. Выбары ў Еўрапарламент часам называюць «рэферэндумам» аб даверы нацыянальным уладам – і ў выніку Макрон «выклікаў на дуэль» ле Пэн, вынік непрадказальны.

Таксама для Еўропы важна, на думку Глод, тое, што «Зялёныя» страцілі шмат галасоў: праз інфляцыю і дарагія крэдыты людзі не жадаюць плаціць за «зялёную эканоміку» – напрыклад, купляць дарагія бойлеры. Гэта значыць, мэты чыстых нулявых выкідаў парніковых газаў да 2050 года могуць не быць дасягнутыя, хоць ёсць надзея на тую ж фон дэр Ляен як прыхільніцу «чыстага нуля».

Разбор
Хто прайграў і хто перамог на выбарах у Еўрапарламент – і ці шмат атрымалі скрайне правыя
2024.06.10 11:57

Алесь Лагвінец з Вольнага беларускага ўніверсітэту падкрэслівае, што ў Еўрапарламенце па-ранейшаму дамінуюць цэнтрысцкія сілы, якія разам маюць больш за 400 месцаў з 720. Але і ён адзначае, што выбары ў Еўрапарламент былі і пра ўнутрыпалітычную сітуацыю краінаў-чальцоў, а іх вынікі прывялі да датэрміновых парламенцкіх выбараў у Францыі, заклікаў да датэрміновых выбараў у Нямеччыне. У Бельгіі былі адначасова еўрапейскія, нацыянальныя і рэгіянальныя выбары – пасля перамогаў правых і скрайне правых урад падаў ў адстаўку.

Паводле Лагвінца, страты левых і «зялёных» азначаюць, што для выбарнікаў сталі менш важнымі праблемы кліматычных зменаў, а больш важнымі – рэформы сельскай гаспадаркі і міграцыйнай палітыкі, праблемы зніжэння пакупніцкай здольнасці і бяспекі.

Чаго чакаць Беларусі і Украіне ад гэтага правага ўхілу?

Адносна Беларусі Ніжнікаў не прагназуе ні пазітыўных, ні негатыўных зменаў: і Аляксандр Лукашэнка, і Уладзімір Пуцін застануцца для Еўразвязу persona non grata, а Святлана Ціханоўская застанецца прызнанай лідаркай беларускіх дэмакратычных сілаў, захаваецца і палітыка санкцыяў. Дэмакратычныя сілы Беларусі будуць, як і раней, успрымаць сімвалам дэмакратычнай Беларусі далёкай будучыні. Адпаведна, і палітыка Еўропы адносна Беларусі застанецца сімвалічнай, без радыкальных захадаў.

Кацярына Глод
Кацярына Глод – палітычны аналітык, супрацоўніца «Еўрапейскай сеткі лідарства».
Фота: Кацярына Глод

Што да замежнай палітыкі, то яе вызначае не Еўрапарламент, а ўлады дзяржаваў Еўразвязу і Еўрапейская камісія, нагадваюць Глод і Лагвінец. Адносна Еўракамісіі «інтрыга невялікая», кажа Глод: фон дэр Ляен, падобна, захавае кіроўную пасаду, а яна вельмі жорстка ставіцца да аўтарытарных краінаў, падтрымлівае Украіну і ліберальныя рэформы.

«Еўрапейская грамадская думка патроху схіляецца ў такі ўльтраправы бок, – прызнае Глод. – Гэта значыць, будзе больш настойвання на нацыянальных інтарэсах. Але пакуль што грамадзянская думка ў Еўропе вельмі падтрымлівае Украіну. Я не думаю, што мы будзем назіраць у гэтым баку нейкае такое адхіленне».

Для Беларусі карціна не зменіцца – і гэта добра, пагаджаецца Глод. І дадае: сярод тых, каго адносяць да скрайне правых, не так шмат напраўду прарасейскіх партыяў. Прарасейскія пазіцыі можна пабачыць у «Альтэрнатывы для Нямеччыны» і «Нацыянальнага аб’яднання» ле Пэн, рэшта ж буйных скрайне правых партыяў больш нагадвае «Братоў Італіі» італьянскай прэм’еркі Джорджа Мэлёні, якая падтрымлівае Украіну і жорстка не прымае Пуціна і Лукашэнку.

«Ёсць шэраг партыяў, якія зусім па-іншаму ўяўляюць сабе паводзіны Еўрапейскага Звязу і іхнай краіны ў дачыненні расейскай агрэсіі супраць Украіны, – канстатуе Лагвінец пра правыя сілы. – Відавочна, гэта можа адбівацца на нейкіх рашэннях адносна Беларусі. Але я думаю, што асноўныя цэнтрысцкія партыі па-ранейшаму маюць «кантрольны пакет», вялікіх ваганняў не будзе».

Ці змогуць між сабой дамовіцца тыя з правага флангу, хто падтрымлівае Украіну, і тыя, хто заклікае як найхутчэй скончыць вайну ва Украіне і спыніць падтрыманне Украіны, гэта яшчэ пытанне, працягвае ён.

А ці можа быць такое, што скрайне правыя прарасейскія сілы паўплываюць на правых, бліжэйшых да цэнтру, каб тыя перасталі звяртаць увагу на Лукашэнку і спынілі падтрыманне беларускіх дэмакратычных сілаў? Суразмоўцы ў такім сумняюцца. Лагвінец дапускае, што прарасейскія сілы ці тыя, каго Расея падкупіць, могуць рэтрансляваць расейскія наратывы, нешта агучваць, але наўрад ці – істотна ўплываць на рашэнні.

Алесь Лагвінец падчас I Міжнароднага дня беларускай адукацыі ў Беластоку. 3 чэрвеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Прарасейскія сілы былі і ў папярэднім складзе Еўрапарламенту, і ў нацыянальных урадах, нагадвае Лагвінец. Але большасць такіх сілаў не атрымала дадатковага падтрымання. У вугорскай «Фідэс» Віктара Орбана вынік добры (44,67 %), але горшы, чым раней; у Славаччыне «Курс – сацыяльная дэмакратыя» заняла толькі другое месца (24,76 %) нават пасля замаху на прэм’ера Робэрта Фіца; у Аўстрыі на першым месцы (25,7 %) «Партыя свабоды», якую не без падставаў лічаць прарасейскай, але больш за палову галасоў атрымалі сумарна права- і левацэнтрысцкая партыі. Французскія пераможцы (31,37 %), «Нацыянальнае аб’яднанне» ле Пэн – гэта папулісты, якія на шляху да ўлады змякчаюць рэзкія выказванні, упэўнены Лагвінец. І яны спрабуюць адмежавацца ад «Альтэрнатывы для Нямеччыны», хоць тая ў сваёй краіне і заняла другое месца (15,9 %)

Лагвінец адзначае, што не быў перавыбраны шэраг дэпутатаў, якія добра разбіраюцца ў беларускім пытанні. Гэта значыць, у першы час увага да Беларусі  можа быць не такой вялікай.

Hавiны
Польшча: Міхал Шчэрба стаў новым кіраўніком Парламенцкай групы ў справах Вольнай Беларусі
2024.03.07 19:37

Глод жа пералічвае, хто з прабеларускіх сілаў перамог. У Польшчы на першым месцы «Грамадзянская кааліцыя» прэм’ера Дональда Туска, а яна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць Беларусі і мае добрыя сувязі з праціўнікамі Лукашэнкі. Экспертка перадае чуткі аб тым, што цяперашні міністр замежных справаў, рашучы праціўнік Лукашэнкі і прыхільнік беларусаў Радослаў Сікорскі можа стаць адным з еўракамісараў – магчыма нават, камісарам у пашырэнні Еўразвязу.

У Літве на першым месцы «Саюз Айчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты», а значыць, еўрадэпутатамі зноў будуць Андрус Кубілюс і Раса Юкнявічыене з працоўнай групы для Беларусі. Таксама ў Еўрапарламенце застанецца лідар літоўскіх лібералаў Пятрас Аўштравічус, які ўваходзіць у тую групу. Да плюсаў для Беларусі Глод адносіць і тое, што ад Латвіі ў Еўрапарламент зноў прайшоў экс-прэм’ер Валдыс Дамброўскіс, які ў мінулы тэрмін быў віцэ-прэзідэнтам Еўракамісіі і можа захаваць пасаду.

Разбор
Правыя перамагаюць левых? Ці адбываюцца ў сусветнай палітыцы тэктанічныя змены
2023.12.07 06:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў