Расейцы выціскаюць ЗСУ з усходу Часавага Яру. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 837-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія салдаты 22-й пяхотнай брыгады на тактычных трэніроўках у акопах з сапраўднымі выбухамі ў напрамку часава Яра, Данецкая вобласць, Украіна, 8 чэрвеня 2024 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на двух участках фронту – паміж сёламі Глыбокае і Ліпцы, а таксама на тэрыторыі гораду Ваўчанск (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што ўсе атакі праціўніка на харкаўскім кірунку цягам апошніх содняў былі адбітыя.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхным вайскоўцам удалося палепшыць становішча па пярэднім краі.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім і ліманскім кірунках, паводле ўкраінскага камандавання, сілы абароны краіны адбілі шэраг атак у ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Іванаўка, Пішчанае, Бераставое, Андрэеўка, Макееўка, Неўскае, Церны, Торскае і Дзіброва, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. Пры гэтым адзначаецца, што сітуацыя застаецца напружанай, таму цяпер ЗСУ прымаюць меры па яе стабілізацыі.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ прасоўваюцца з поўначы да сяла Стэпавая Навасёлаўка ў Купянскім раёне. Таксама крыніца піша пра поспехі расейцаў на ліманскім кірунку каля балкі Жураўка.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што каля Стэпавой Навасёлаўкі Узброеныя сілы РФ выбілі ўкраінцаў з часткі пазіцыяў, але самыя на іх яшчэ не замацаваліся, таму цяпер гэты ўчастак фронту знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На сівэрскім кірункі УС РФ цягам содняў атакавалі каля сяла Выемка, але прасунуцца не здолелі. Агулам, пакуль сітуацыя з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец застаецца адносна стабільнай.

Больш інтэнсіўныя баі ідуць ніжэй па фронце, дзе расейцы развіваюць поспех ва ўсходняй частцы Часавага Яру.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што войскі РФ або маюць істотныя прасоўванні на поўначы, усходзе і поўдні гэтага раёну гораду, або ўжо цалкам выбілі праціўніка адсюль за канал Сівэрскі Данец – Данбас, дзе і знаходзіцца асноўная частка населенага пункту.

Адначасова з гэтым наносяцца ўдары цяжкімі авіяцыйнымі бомбамі, пры дапамозе якіх руйнуюцца пазіцыі ўкраінцаў.

Рух расейцаў у Часавым Яры пацвярджаюць і вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку.

З поўдня ад гораду, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы атакавалі каля сёлаў Іванаўскае і Клішчыеўка, але прасунуцца не здолелі.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць па ўсёй шырыні фронту з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што тут войскі РФ паступова прасоўваюцца ў ваколіцах населенага пункту Сокал.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Военкор Котенок» – сцвярджае, што таксама УС РФ зайшлі ў адміністратыўныя межы сяла Карлаўка.

У гэты ж час на іншых участках Збройныя сілы Украіны ўпэўнена трымаюць свае пазіцыі.

На курахаўскім кірунку працягваюцца гарадскія баі ў Краснагораўцы, а таксама ніжэй па фронце ў сёлах Георгіеўка і Парасковіеўка – без істотных зменаў.

Тым часам на самым поўдні кірунку, паводле Deepstate, расейцы прасунуліся каля сяла Уладзіміраўка (на паўднёвым усходзе ад гораду Вуглядар).

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў расейцы намагаліся палепшыць сваё становішча каля сёлаў Старамаёрскае і Ураджайнае, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.

Адсутнічаюць змены і ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці, дзе баі па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы зноў атакавалі на левым беразе Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі, але поспеху не дасягнулі.

Між тым іншыя крыніцы мяркуюць, што ўкраінцы маглі пакінуць плацдарм у гэтай частцы левабярэжжа.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў