Рада Бяспекі ААН падтрымала мірную ініцыятыву ЗША, датычную Блізкага Усходу


Рада Бяспекі ААН ухваліла прапанову Злучаных Штатаў наконт мірнага ўрэгулявання канфлікту ў сектары Газа. Пра гэта паведамляе «Reuters».

1 чэрвеня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прэзентаваў мірны план, які дазволіць спыніць вайну ў сектары Газа і вызваліць ізраільскіх закладнікаў.

План, агучаны амерыканскім лідарам, складаецца з трох этапаў. Першы этап прадугледжвае спыненне агню на шэсць тыдняў, вывад ізраільскіх войскаў з усіх паселішчаў сектару Газа і абмен часткі закладнікаў на сотні палестынскіх вязняў. Другі этап – поўнае спыненне ваенных дзеянняў у сектары Газа і вызваленне ўсіх ізраільскіх закладнікаў, у тым ліку вайскоўцаў. Трэці этап прадугледжвае маштабнае аднаўленне сектару Газа пры ўдзеле ЗША і міжнароднай супольнасці.

Гэты план Рада Бяспекі ААН 10 чэрвеня ўхваліла і заклікала палестынскіх баевікоў прыняць мірную прапанову «неадкладна» і «без дадатковых умоваў». У дакуменце таксама зазначаецца, што калі перамовы на першым этапе зацягнуцца даўжэй, чым на 6 тыдняў, то рэжым спынення агню мусіць быць працягнуты.

Расея пры галасаванні ўстрымалася, астатнія чальцы Рады Бяспекі прагаласавалі за рэзалюцыю.

Раней Ізраіль прынцыпова падтрымаў ініцыятыву Байдэна.

«Хамас» вітаў галасаванне ў Радзе Бяспекі ААН, аднак ніякай канкрэтыкі наконт сваіх далейшых планаў не агучыў.

Hавiны
Дзяржсакратар ЗША адправіцца ў Егіпет і Ізраіль, каб дамагчыся спынення агню ў Газе
2024.06.10 08:59

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў