Супраць махляроў «алё, мама» ў Беларусі пачыналі крымінальныя справы ў сярэднім раз на дзень


Тэлефоннае і інтэрнэт-махлярства квітнее ў Беларусі – беларусы вядуцца на самыя простыя схемы. Міністэрства ўнутраных справаў расказала, што з пачатку 2024 года супраць толькі тых махляроў, якія дзейнічаюць паводле схемы «алё, мама» распачалі 162 крымінальныя справы. Столькі было на 161-ы дзень года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Схема «алё, мама» простая: тэлефанаваць ці пісаць людзям з незнаёмых нумароў і казаць, што гэта тэлефануе сын або дачка чалавека, просіць дапамагчы грашыма, бо здарылася бяда. Знаходзіцца нямала людзей, якія вераць – і нават калі чуюць па тэлефоне чужы голас, вераць, што гэта плача родны чалавек.

У такой схеме, паводле сілавікоў, задзейнічаныя куратары і кур’еры – за год выявілі і затрымалі звыш 120 падазраваных у дапамозе махлярам са схемай «алё, мама». Нярэдка махляры выкарыстоўваюць замест кур’ераў кіроўцаў таксі і дастаўкі – сілавікі заклікаюць кіроўцаў насцярожвацца, калі разам з грашыма спужаныя ці заплаканыя людзі перадаюць рэчы кшталту пасцельнай бялізны, ручнікоў і адзення.

І гэта далёка не адзіная папулярная ў махляроў схема. Могуць, напрыклад, прапанаваць пагандляваць на біржы, якой напраўду не існуе. Могуць папрасіць перадаплату за пакупку тавару, які не прададуць. Могуць назвацца сілавікамі або супрацоўнікамі банкаў ці мабільных аператараў, папярэдзіць пра магчымы крадзеж грошай і прапанаваць перавесці грошы ў «бяспечнае» месца. І на гэта вядуцца: так, у лютым затрымалі кур’ера махляроў, якія пераканалі пенсіянерку «застрахаваць» ейныя 760 тысяч еўра зберажэнняў – калі не захацела пускаць кур’ера ў кватэру, пераканалі выкінуць пакеты з грашыма з гаўбца.

Махлярства адбываецца і на вачах дзяржавы: у Беларусь прыязджаюць выступаць артысты, якія напраўду даўно памерлі.

Сілавікі заклікаюць быць пільнымі ўсіх. Калі паступіла паведамленне ці тэлефанаванне аб блізкім чалавеку ў бядзе, трэба найперш спыніць размову і паспрабаваць самастойна звязацца з чалавекам, які быццам бы ў бядзе. Калі выявіцца, што гэта былі махляры, звяртацца ў міліцыю. І папярэджваць старэйшых родзічаў пра такое махлярства, а ўласных дзяцей засцерагаць ад удзелу ў такім незаконным заробку.

Агляд
Вы не паверыце, на якую лухту вядуцца беларусы. Яны вераць махлярам і губляюць гіганцкія сумы
2024.05.27 06:11

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў