Прапагандысты распавялі пра чарговых «тэрарыстаў». Імі зноў аказаліся падлеткі


На тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт пра беларускіх школьнікаў, якіх Камітэт дзяржбяспекі вінаваціць у тэрарызме.

Супраць школьніка з Віцебску распачалі дзве крымінальныя справы, у тым ліку за «падрыхтоўку тэракту». Скрыншот з відэа ontnews / Telegram

Паводле прапагандыстаў АНТ, КДБ атрымаў ад адной з заходніх спецслужбаў інфармацыю пра шэраг Telegram-канал, якія «падтрымліваюць ідэалогію неанацызму і ІДІЛ і распаўсюджваюць методыкі вырабу выбуховых рэчываў». Асобныя карыстальнікі былі зарэгістраваныя ў Беларусі.

У выніку КДБ выйшаў на школьнікаў: двое з іх родам з Магілёва, яшчэ адзін – з Віцебскe.

У сюжэце АНТ магілёўскія падлеткі распавядаюць, што яны нібыта самі выраблялі выбуховыя рэчывы з падручных сродкаў і падрывалі іх у лесе: «У асноўным маленькія шкляныя слоікі невялікага аб’ёму, у якіх быў порах». Потым другі хлопец дадаў, што яны падрывалі «слоікі з-пад ёду», пры гэтым «аскепкаў як такіх не было, проста пляск»

Школьнік з Віцебску распавёў у сюжэце АНТ, што яму «проста падабалася ў лесе нешта ўзарваць, проста ўбачыць выбух, было цікава». Ён нібыта 11 разоў рабіў выбухі. Хлопец кажа, што быў падпісаны на чаты, дзе абмяркоўвалася вайна ва Украіне, там было «вельмі шмат праўкраінскіх розных пастоў, людзі заклікалі да нянавісці да ўладаў Расейскай Федэрацыі, ва ўсім хвалілі Захад».

Усяго, паводле звестак АНТ, Камітэт дзяржбяспекі знайшоў больш за дзесяць падлеткаў – сябраў тых, каго паказалі ў прапагандысцкім сюжэце. «Усе яны, на жаль, не дзеля пацанскай цікаўнасці падтрымлівалі выбухныя захапленні сяброў», – рэзюмуюць прапагандысты.

Магілёўскія школьнікі яшчэ не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці, але цяпер яны «заўсёды пад кантролем праваахоўнікаў». А хлопец з Віцебску ўзяты пад варту. Супраць яго распачалі адразу дзве крымінальная справы: за «незаконныя дзеянні ў адносінах да выбуховых рэчываў» і «падрыхтоўка да акту тэрарызму».

Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі КДБ пераследуе падлеткаў паводле артыкулу «тэрарызм». Напрыканцы красавіка тэлеканал АНТ выпусціў прапагандысцкі фільм «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам», дзе распавядаецца пра арыштаваных падлеткаў і маладых людзей, якіх вінавацяць у «тэрарызме». Так званую групу «Чорныя салаўі» нібыта ўзначальвала 16-гадовая ўкраінка Марыя Місюк. Фігурантаў гэтай справы праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Аналітыка
«Чорныя салаўі», шытыя белымі ніткамі. Як правакацыі КДБ ламаюць жыцці беларускім падлеткам
2024.05.01 10:22

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў