Заява Кадырава і рэальныя поспехі расейцаў. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 838 содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 10 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы з 59-й брыгады ЗСУ едуць на танку Т-72 у невядомым месцы ў Данецкай вобласці, Украіна. 9 чэрвеня 2024 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

Увечары 9 чэрвеня кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў заявіў пра захоп байцамі палку «АХМАТ-Чечня» сяла Рыжыўка ў Сумскай вобласці (на паўночным захадзе ад абласнога цэнтру). Кадыраў удакладніў, што баі за населены пункт ішлі тры дні, і за гэты час украінскія вайскоўцы панеслі значныя страты і былі вымушаныя адысці.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што сітуацыя ў Рыжыўцы з 2022 года застаецца нязменная – фактычна сяло ў так званай шэрай зоне, куды перыядычна заходзяць дыверсійна-выведныя групы расейцаў. Такая сітуацыя склалася праз асаблівасці дзяржаўнай мяжы і мясцовага рэльефу: з расейскага боку да Рыжыўкі прымыкае буйное сяло Цёткіна, а з поўдня ад украінскага населенага пункту працякае невялікая рэчка, якая аддзяляе яго ад асноўнай часткі тэрыторыі краіны і робіць нязручным для абароны.

На поўначы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца ў ваколіцах буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск (Харкаўскі і Чугуеўскі раёны адпаведна). Ваенкар Сямён Пегаў адзначае, што на першым участку Збройныя сілы Украіны адсунулі праціўніка на поўнач да суседняга Глыбокага і працягваюць контратакаваць далей, імкнучыся перахапіць ініцыятыву.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – паведамляе, што ў гэты ж час расейцы рухаюцца на паўночным усходзе ад Ліпцаў з боку сяла Зялёнае.

На ваўчанскім участку баі маюць сустрэчны характар, але зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку сітуацыя застаецца напружаная для Сілаў абароны краіны. Тут баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Стэпавая Навасёлаўка, Пішчанае і Бераставое.

Ніжэй па фронце, на суседнім ліманскім кірунку, расейцы ціснуць каля сёлаў Дружалюбаўка, Неўскае, Грэкаўка, Церны і Торскае.

Канал «Два майора» сцвярджае, што на асобных участках фронту войскам РФ удалося расшырыць зону кантролю.

Актывізацыю расейцаў на купянскім кірунку адзначае і праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер». У прыватнасці, УС РФ ужо некалькі дзён атакуюць адразу з некалькіх бакоў на ўчастку каля сёлаў Бераставое і Стэльмахаўка, імкнучыся атачыць падраздзяленні ўкраінцаў.

Адначасова з гэтым на іншых дзялянках фронту ідзе назапашванне рэзерваў, што можа сведчыць пра намер Узброеных сілаў РФ перайсці ў маштабны наступ.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Спірнае, Івана-Дар’еўка і Верхнякаменскае, але пакуль не маюць поспеху.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што УС РФ разграмілі шэраг умацаваных апорных пунктаў ЗСУ каля сяла Раздолаўка, у выніку чаго падышлі да ўскраінаў самога населенага пункту.

На краматорскім кірунку працягваюцца вулічныя баі ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр (за каналам Сівэрскі Данец – Данбас). Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» лакалізуе іх у цэнтральнай частцы мікрараёну «Канал» і на тэрыторыі мясцовага рамонтнага заводу.

Адначасова з гэтым расейцы намагаюцца абысці горад з флангаў – каля сёлаў Калінаўка і Іванаўскае. На апошнім участку, са словаў Пегава, адбываюцца прасоўванні.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ціснуць па шырокім фронце з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў каля сёлаў Новааляксандраўка і Уманскае. Адзначаецца, што на першым участку расейцы дасягнулі поспеху праз памылку камандавання аднаго з падраздзяленняў ЗСУ, якое не паведаміла пра страту пазіцыяў. Такім чынам УС РФ удалося яшчэ бліжэй наблізіцца да трасы Пакроўск – Канстанцінаўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Сводки и Аналитика СВО» сцвярджае, што на 11:00 раніцы 10 чэрвеня Новааляксандраўка цалкам перайшла пад кантроль войскаў РФ.

На курахаўскім кірунку ідуць вулічныя баі ў Краснагораўцы. «НгП раZVедка» піша пра рух расейцаў на адлегласць да 250 метраў на поўнач ад мясцовага цагельнага заводу.

Яшчэ адзін праўкраінскі канал – «Архангел Спецназа» – паведамляе, што ніжэй па лініі сутыкнення войскі РФ цалкам зачысцілі сяло Парасковіеўка. Цяпер на гэтым участку ідуць баі за дарогу з поўдня ад населенага пункту, якая вядзе да суседняга сяла Канстанцінаўка.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што на паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці іхныя вайскоўцы занялі сяло Старамаёрскае. Цяпер ідзе зачыстка мясцовасці ў адміністратыўных межах.

Нагадаем, гэты населены пункт быў вызвалены ЗСУ падчас леташняга контрнаступу.

У Запарожскай вобласці сітуацыя застаецца адносна стабільная: тут баі па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў, але зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

У Херсонскай вобласці расейцы атакавалі на левым беразе Дняпра з поўначы ад сяла Крынкі, але прасунуцца не здолелі.

У сваю чаргу Збройныя сілы спрабавалі высадзіцца ў астраўной зоне ракі – таксама без поспеху.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў