Беларусь і Расея праводзяць вучэнні з нестратэгічнай ядравай зброяй


Падраздзяленні Узброеных сілаў Беларусі ўдзельнічаюць у другім этапе вучэнняў з нестратэгічнымі ядравымі сіламі расейскай арміі. Пра гэта распавёў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін расказвае пра ядравыя вучэнні з Расеяй.
Скрыншот: «Белсат»

Віктар Хрэнін абураецца санкцыямі супраць Беларусі, нібыта спробамі заходніх краінаў «уцягнуць нас у эпідэмію каляровых рэвалюцыяў», дазволам для Украіны біць заходняй зброяй па тэрыторыі Расеі.

«А кіраўнік МЗС Літвы ў сваім мілітарысцкім угары дагаварыўся да таго, што наогул фактычна заклікаў да нанясення ўдараў па вайсковых аб’ектах Расейскай Федэрацыі, размешчаных на тэрыторыі нашай краіны.

Мы адсочваем і аналізуем усе гэтыя агрэсіўныя выпады, паслядоўна ўмацоўваем свой абарончы патэнцыял. І наш удзел у другім этапе вучэння Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі для выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі – таму пацверджанне», – заяўляе Хрэнін.

На ягоную думку Расея і Беларусь займаюцца тым, што павышаюць гатовасць да выкарыстання «зброі адплаты». Ён дадае, што гэтыя вучэнні планавыя.

«У нас няма мэты стварыць якой-небудзь напружанасць у пытаннях пільнавання рэгіянальнай бяспекі. Мы не праецыюем адпаведныя ваенныя пагрозы на трэція краіны або на каго-небудзь. Мы мірная дзяржава, нікому не пагражаем і не імкнёмся да канфрантацыі ні з кім. Але порах будзем трымаць сухім!», – робіць Хрэнін выснову.

7 траўня ў Беларусі пачалося нечаканае правяранне носьбітаў нестратэгічнай ядравай зброі, сярод якіх – Су-25, «Паланэз» і «Іскандэр». Апошнія былі дастаўленыя ў Беларусь з Расеі ў лютым і верасні 2023 года.

З 21 траўня Расея пачала вучэнні ў рыхтаванні і выкарыстанні нестратэгічнай ядравай зброі. Што Беларусь далучыцца да гэтых вучэнняў, стала вядома пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 9 траўня. Пуцін заявіў, што Лукашэнка нібыта сам папрасіўся ўдзельнічаць у ядравых вучэннях.

Hавiны
Хрэнін паабяцаў збіваць самалёты NATO, «калі ўжо зусім страчаныя тармазы»
2024.02.22 11:18

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў