«BYPOL»: на чэмпіянат Еўропы па футболе едуць баевікі для здзяйснення «акцыяў»


У Заходнюю Нямеччыну праз Беларусь могуць прыбыць каля 20–25 баевікоў для здзяйснення «акцыяў» падчас чэмпіянату Еўропы па футболе, сцвярджае арганізацыя былых сілавікоў «BYPOL».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Напад ісламіста ў Мангейме.
Крыніца: скрыншот з відэа / 9tv.co.il

Згодна з інфармацыяй сілавікоў, такімі «гасцямі» будуць мужчыны 25–28 гадоў, якія прайшлі Сірыю і зарэкамендавалі сябе сапраўднымі «ваярамі Алаха» – чачэнцы, таджыкі, мараканцы, сірыйцы афганскага паходжання. Адной з асаблівасцяў будзе валоданне расейскай мовай і кантакты з «расейскімі немцамі» ў Нямеччыне.

Баевікоў чакаюць радыкальныя мусульманскія ячэйкі ў нямецкіх гарадах Вуперталь, Дортмунд і Міндэн.

Адзначаецца, што ў складзе некалькіх груп магчымая прысутнасць дзяўчат славянскай знешнасці, якія прынялі іслам і падтрымліваюць радыкальныя ідэі стварэння Арабскага Халіфату ў Нямеччыне і прайшлі добрыю дыверсійную падрыхтоўку ў Турэччыне і Сірыі.

Як адзначыў для «Белсата» кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў, пацвярджэнне інфармацыі, якую арганізацыя атрымала ад сваіх крыніцаў, ужо з’явілася ў некаторых медыях Нямеччыны і Францыі.

Таксама Аляксандр Азараў адзначае, што ў іх ёсць звесткі, што падчас апошняй сустрэчы Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абгаворвалі такую перапраўку баевікоў, але гэтая інфармацыя патрабуе праверкі. Таму ўзгадненне гэтай «акцыі» магло адбыцца «на самым версе», лічыць кіраўнік «BYPOL».

Пачаткам актывізацыі барацьбы з «нявернымі», як сцвярджаецца ў заяве «BYPOL», стала забойства паліцэйскага ў Мангейме выхадцам з Афганістану, які трапіў у Нямеччыну па «беларускім маршруце» падчас першага міграцыйнага крызісу тры гады таму (паводле іншых медыяў, ён жыў у Нямеччыне з 2014 году).

Нагадаем, што 31 траўня падчас мітынгу ў Мангейме атрымаў нажавое раненне адзін з паліцэйскіх. Праз два дні ён памёр ад атрыманых раненняў.

Чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе ў Нямеччыне з 14 чэрвеня па 14 ліпеня.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў