У Беларусі сабраліся ліквідаваць аб’яднанне татараў, якое ўзначальвае праўладны муфтый


Менскі гарадскі суд 18 чэрвеня разглядзіць позву Міністэрства юстыцыі з патрабаваннем ліквідаваць аб’яднанне татараў «Зікр уль-Кітаб», заўважыў «Позірк». Позву мае разглядзець суддзя Алена Сямак.

Муфцій Абу-Бекір Шабановіч атрымлівае званне ганаровага грамадзяніна Івейскага раёну. Іўе, Беларусь. 12 жніўня 2023 года.
Фота: Op-soyuz.ru

Аб’яднанне беларускіх татараў «Зікр уль-Кітаб» было заснаванае ў 1993 годзе, да 2000-га звалася «Аль-Кітаб». Яно спрыяла будаўніцтву і аднаўленню мячэцяў, культурных цэнтраў, школаў, музеяў і бібліятэк.

З 2005 года аб’яднанне ўзначальвае муфтый Абу-Бекір Шабановіч, які таксама кіруе Мусульманскім рэлігійным абʼяднаннем у Рэспубліцы Беларусь. Шабановіч актыўна ўдзельнічае ў праўладных акцыях. У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго прэміяй «За духоўнае адраджэнне».

Чаму аб’яднанне татараў трапіла ў няміласць, невядома. Але масавая ліквідацыя няўрадавых арганізацыяў у Беларусі трывае з сярэдзіны 2021 года, у яе межах ужо ліквідаваныя не менш як 1249 арганізацыяў грамадзянскай супольнасці – палова з таго, што было да 2020 года. Ліквідаваныя таксама ўсе апазіцыйныя і палова праўладных партыяў. А паводле падпісанага Лукашэнкам 30 снежня 2023 года закону аб зменах законаў па рэлігійнай дзейнасці ліквідацыя пагражае мноству рэлігійных аб’яднанняў.

«Позірк» адзначае, што восенню 2023 года сілавікі публікавалі «пакаяннае відэа» з затрыманай Зарынай Канапацкай – дачкой аднаго з заснавальнікаў «Зікр уль-Кітаб» і лідараў татарскай дыяспары Беларусі. Яе вінавацілі ў «падпісцы на экстрэмісцкія каналы і бот плану „Перамога“».

Татары жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі прынамсі з сярэднявечча. Татараў запрашалі ў Вялікае княства Літоўскае яшчэ ў XIV стагоддзя, з часоў Вітаўта татары складалі асабістую ахову князя, пры ўмове вайсковай службы атрымлівалі землі, маглі жаніцца з хрысціянкамі. Татары нават пісалі па-старабеларуску арабскім пісьмом – беларускай арабіцай.

Аналітыка
Царква імя Лукашэнкі. Якім рэлігійным арганізацыям Беларусі падрыхтавацца да ліквідацыі
2023.10.16 17:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў