Беларусь павялічыла экспарт нафтапрадуктаў праз расейскія парты на Балтыцы


Праз санкцыі Беларусь страціла доступ да партоў у краінах Балтыі, а праз вайну ва Украіне – да ўкраінскіх. Але гэта амаль удалося замяніць расейскімі партамі на Балтыцы, сцвярджае ўрадавая «Российская газета».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таварны цягнік едзе праз станцыю Менск-Усходні. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Расейскае выданне прыводзіць такую статыстыку: у 2023 годзе агульны аб’ём перавалкі беларускіх грузаў праз расейскую марскую інфраструктуру дасягнуў 14,1 млн тонаў, з гэтага 12,9 млн тонаў – праз паўночна-заходнія парты Расеі.

Праз два гады, у 2026 годзе плануюць давесці аб’ёмы да 20 млн тонаў. А да ўвядзення санкцыяў Беларусь праз парты краінаў Балтыі і Украіну перапраўляла максімум 18,8 млн тонаў. Выходзіць, Расея амаль, але яшчэ не цалкам замяніла Беларусі страчаныя парты.

З перапраўленага летась праз расейскія парты каля 6,5 млн тонаў грузаў – беларускія нафтапрадукты. Гэта на тры чвэрці больш, чым было годам раней. Для перавалкі менавіта нафтапрадуктаў выкарыстоўваюць два парты ў Ленінградскай вобласці, і для гэтага Беларусі даюць прэферэнцыйныя ўмовы на чыгунцы. Агулам жа Беларусь выкарыстоўвае 19 расейскіх партоў.

Беларусь і Расея падпісалі міжурадавыя і міжведамасныя пагадненні, ствараюць «адзіную транспартную прастору» ў межах «саюзнай дзяржавы». Расейская чыгунка абяцае ўкласці аж звыш 1,7 млрд долараў у развіццё чыгуначных падыходаў да парта «Бронка» ў Ленінградскай вобласці, каб забяспечыць перавалку 20 млн тонаў беларускіх грузаў. Беларуская чыгунка плануе правесці капітальны рамонт каляінаў ад Жлобіну да Расеі. Беларускія прадпрыемствы, як то «Беларуская цэментная кампанія», пачалі фармаваць уласныя маршрутныя цягнікі, каб паскорыць пастаўкі ў Расею.

Наколькі ўсё гэта напраўду эфектыўна, цяжка ацаніць дакладна: два гады таму Беларусь засакрэціла дэталёвую статыстыку вонкавага гандлю. Імаверна, нават з прэферэнцыямі ад Расеі дарога да расейскіх партоў можа абыходзіцца даражэй, чым да літоўскіх.

Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі афіцыйна прызнае: Беларусь адчувае складанасці з ростам экспарту, але галоўная прычына – у адсутнасці ініцыятывы з боку прадпрыемстваў. А Нацбанк падлічыў, што за першы квартал Беларусь нагандлявала ў мінус.

Але Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, прааналізаваўшы непублічныя справаздачы Беларускай чыгункі, прыйшла да высновы: экспарт беларускага калію вырас летась удвая ў параўнанні з папярэднім годам. Ды і беларускія прадпрыемствы ўмеюць абыходзіць заходнія санкцыі, эксперты прызналі гнуткасць беларускай эканомікі.

Інфаграфіка
Дадатнае сальда вонкавага гандлю Беларусі скарацілася за год у пяць разоў
2024.04.16 08:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў