Байдэн: Пуцін ужо прыняў рашэнне аб нападзе на Украіну


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ўварванне Расеі ва Украіну пачнецца ў бліжэйшыя дні на падставе ілжывага паведамлення аб генацыдзе на Данбасе, аб якім паведамяць расейскія афіцыйныя асобы, піша Reuters.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
Фота: John Rucosky / The Tribune-Democrat / AP / picture alliance

«Цяпер я перакананы, што ён [Пуцін] прыняў рашэнне», – сказаў прэзідэнт ЗША.

Ён мяркуе, што напад можа адбыцца цягам тыдня ці некалькіх дзён і на мэце будзе Кіеў:

«Мы гаворым аб планах Расеі рэгулярна і голасна не таму, што хочам канфлікту, а таму што хочам зрабіць усё, што можам, каб пазбавіць Расею падставы для ўварвання».

У той жа час Байдэн пакідае надзею на тое, што сітуацыю можна ўрэгуляваць мірным чынам. Аднак прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што калі ваенныя дзеянні ва Украіне пачнуцца да сустрэчы кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова з амерыканскім калегам Энтані Блінкенам, прызначанай на 24 лютага, гэта будзе азначаць, што Расія «зачыніла дзверы для дыпламатыі».

Сам Байдэн назваў тое, што адбываецца, «далейшай спробай Расіі з дапамогай хлусні і дэзінфармацыі адцягнуць увагу ад таго, што яна ў гэтым канфлікце з’яўляецца агрэсарам».

Тыдзень таму, 11 лютага кіраўнікі МЗС Германіі і Францыі выпусцілі сумесную заяву, у якой асабліва адзначылі, што дзеянні, распачатыя ў самаабвешчаных ЛНР і ДНР, у тым ліку эвакуацыя насельніцтва ў Расею, могуць быць накіраваны на стварэнне падставы для ўварвання ва Украіну.

«Нас клапоціць, што ў якасці падставы для магчымай ваеннай эскалацыі могуць быць выкарыстаны інсцэніроўкі», – заявілі кіраўнікі МЗС.

Так 19 лютага з’явілася інфармацыя пра 100 тысяч эвакуяваных з Данбасу на мяжы з Растоўскай вобласцю Расеі.

Ва ўказе кіраўніка самаабвешчанай «ЛНР» Леаніда Пасечніка аб усеагульнай мабілізацыі пазначана, што мужчынам 18-55 гадоў нельга пакідаць тэрыторыю акругі.

Hавiны
Мужчынам забаранілі пакідаць «ЛНР». З «ДНР» пакуль можна эвакуявацца з сямʼёй
2022.02.19 10:54

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў