«Гэта выглядае сенсацыйна». Што стаіць за затрыманнем дзясяткаў нелегалаў пад Менскам?


Міністэрства ўнутраных справаў сёння паведаміла пра затрыманне пад Менскам 94 мігрантаў. У іх не было беларускіх візаў. Усе замежнікі, паводле МУС, прыехалі ў Беларусь з Расеі і збіраліся патрапіць у Еўразвяз. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў размове з «Белсатам» назваў гэтую «спецаперацыю» сігналам Захаду: маўляў, давайце мірыцца і перамаўляцца.

Пад Менскам затрымалі каля ста мігрантаў.
Фота: МУС Беларусі / Telegram

Затрыманыя ў аграсядзібе ў Міханавічах – грамадзяне Алжыра, Афганістану, Егіпта, Емена, Іраку, Сірыі, Марока і Пакістана. Яны, не маючы беларускіх візаў, прыехалі да нас з Расеі наземным транспартам і збіраліся патрапіць у Еўразвяз.

Шмат якіх замежнікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і далі «права дабравольнага выезду». Супраць чатырох могуць завесці крымінальныя справы, бо яны прыехалі ў Беларусь, нягледзячы на забарону. 27 асобаў прымусова выправадзілі з краіны, паведамілі ў МУС.

«Мэсідж Еўропе»

Паказальнае затрыманне мігрантаў вельмі падобнае на сігнал Еўропе, гэтая падзея выглядае сенсацыйна. Так у каментары «Белсату» сказаў палітычны аглядальнік «Позірку» Аляксандр Класкоўскі:

«Гэта вельмі кантрастуе з ранейшай палітыкай Менску ў мігранцкім пытанні, калі літаральна натоўпы мігрантаў штурмавалі межы Польшчы, Літвы і пры гэтым міністр унутраных справаў Іван Кубракоў разводзіў рукамі і казаў, што мы нічога не можам зрабіць, таму што яны не парушаюць беларускіх законаў».

Паводле Класкоўскага, такім чынам цяперашнія ўлады намякаюць Бруселю: давайце мірыцца і перамаўляцца:

«Гэтым затрыманнем, такім паказальным, з асвятленнем у дзяржаўных медыях, беларускае кіраўніцтва хоча паслаць мэсідж Еўропе, што мы болей такімі брутальнымі рэчамі не збіраемся займацца, бачыце: мы сталі прынцыпова падыходзіць, і таму – мір, дружба, жвачка».

Затрыманыя за парушэнне міграцыйнага заканадаўства замежнікі.
Фота: МУС Беларусі / Telegram

Суразмоўца «Белсату» прыгадаў прэс-канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі 16 лютага, на якой палітык зрабіў некалькі міралюбівых заяў пра жаданне мець добрыя дачыненні з ЕЗ.

«Прабівалася ягонае жаданне зноў стаць партнёрам Захаду на перамовах, зноў стаць рукапаціскальным, а яшчэ, можа, і апрануць гэтую тогу міратворца. Парог для ўваходжання ў дыялог з Еўропай для Лукашэнкі вельмі высокі, але ён спрабуе, ён ужо некалькі разоў прабіваў гэтую блакаду, і, відаць, спадзяецца і цяпер, бо яму некамфортна быць суагрэсарам, няўтульна, калі недзе там маячыць прывід трыбуналу», – мяркуе Класкоўскі.

Лукашэнка спрабуе данесці, што ён «не такі ўжо і таксічны ды можа весці іншую палітыку», падкрэсліў аналітык.

Ці пачуюць сігнал у ЕЗ?

Аляксандр Класкоўскі заўважыў, што ў Еўразвязе крыху мяняецца падыход да беларускай праблемы. Таму нельга выключаць, што Брусель паспрабуе наладзіць нейкія закулісныя кантакты.

«Санкцыі, відавочна, не дасягаюць сваёй мэты, яны толькі ўціскаюць Беларусь у Расею, ствараюць пагрозы незалежнасці, а рэжым Уладзіміра Пуціна падсілкоўвае Лукашэнку, і зваліць яго або выклікаць нейкае новае паўстанне ў Беларусі ва ўмовах унутранага тэрору немагчыма. Некаторыя палітыкі і сілы ў Еўропе думаюць, што, можа, і варта было б празандаваць глебу і паспрабаваць неяк завязаць з Лукашэнкам нейкія закулісныя кантакты і адцягнуць яго трохі ад Крамля», – кажа аналітык.

На карысць гэтай версіі сведчыць нядаўні візіт у Менск міністра замежных справаў Вугоршчыны, а таксама інфармацыя пра змякчэнне санкцыяў супраць Беларусі, мяркуе суразмоўца «Белсату».

Аналітыка
«Прызнанне для рэжыму». Што хаваецца за візітам у Менск кіраўніка МЗС Вугоршчыны
2023.02.13 19:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў