Беларусь адправіць у Турцыю ратавальнікаў для разбору завалаў пасля магутных землятрусаў


Беларускі МНС акажа дапамогу пацярпелым пасля некалькі магутных землятрусаў, якія адбыліся 6 лютага ў Турцыі і Сірыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МНС Беларусі.

Менскія ратавальнікі падчас вучэнняў.
Фота: 112.by

«У Турцыю накіроўваецца Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» МНС, атэставаны па міжнародных стандартах ААН для правядзення выратавальных аперацый у разбураных будынках», – заявілі ў ведамстве.

У складзе атраду 64 спецыялісты, тэхніка і рыштунак, прызначаны для правядзення аварыйных і пошукава-выратавальных работ.

Таксама ў МНС прапрацоўваецца пытанне аб накіраванні ў Сірыю грузу гуманітарнай дапамогі.

Нагадаем, моцны землятрус адбыўся 6 лютага на памежжы Турцыі і Сірыі. Па паведамленнях турэцкіх выратавальных службаў, колькасць загінулых больш за 1600. У Сірыі загінула больш за 800 чалавек. Больш за дзесяць тысяч чалавек атрымалі раненні.

Гэта быў наймацнейшы землятрус у Турцыі з 1999 года, піша «Reuters». Тады землятрус аналагічнай моцы разбурыў Ізміт і густанаселены ўсходні рэгіён Мармуровага мора недалёка ад Стамбулу, у выніку чаго загінулі больш як 17 тысячаў чалавек. У сваю чаргу прэзідэнт Турцыі Эрдаган назваў землятрус наймацнейшым з 1939 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў