Ці павялічваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну?


Адкрыццё новых кірункаў баявых дзеянняў ва Украіне, перакідванне расейскай авіяцыі ў Беларусь і раптоўны візіт Уладзіміра Пуціна далі падставы журналістам і экспертам зноў загаварыць пра пагрозу ваеннай эскалацыі на беларускім напрамку. Belsat.eu разбіраўся, што могуць азначаць падзеі апошніх тыдняў, і ці ёсць цяпер рызыка ўцягвання Беларусі ў вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны харакар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Ланцужок двухсэнсоўных падзеяў

27 траўня ў Беларусі распачаліся сумесныя беларуска-расейскія лётна-тактычныя вучэнні з сіламі ВПС і войскаў СПА. Перад пачаткам вучэнняў «Беларускі Гаюн» канстатаваў, што за апошні месяц расейская авіяцыйная групоўка павялічылася на тры знішчальнікі і восем верталётаў. Расейскія верталёты былі перакінутыя на тэрыторыю Беларусі ўпершыню са жніўня 2023 году, а лётна-тактычныя вучэнні двух краінаў адбываюцца ўпершыню са студзеня 2023 году.

Нарошчванне авіяцыйнай групоўкі ў Беларусі адбывалася на фоне з’яўленне новага трэнду ў вайне ва Украіне: Расея цяпер актывізуецца на тых кірунках, дзе актыўных баявых дзеянняў не вялося з 2022 году.

10 траўня расейскае войска перайшло ў наступ на поўначы Харкаўскай вобласці. Цягам некалькіх дзён расейцы здолелі захапіць шэраг прымежных паселішчаў і прарваліся ў паўночную частку Ваўчанску, дзе распачаліся цяжкія баі.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі заявіў, што сітуацыя з наступам расейцаў на Харкаўшчыне стабілізавалася
2024.05.17 10:50

Акрамя таго, адбылася актывізацыя расейскіх дыверсійных групаў і павелічэнне абстрэлаў у Сумскай і Чарнігаўскай вобласцях. Улады Украіны кажуць, што Расея цяпер можа паспрабаваць паўтарыць на Сумшчыне наступ тых жа маштабаў, што цяпер назіраецца на поўначы Харкаўшчыны. Паводле рэкамендацыі вайскоўцаў, у некаторых памежных паселішчах Сумскай вобласці распачалася эвакуацыя мірнага насельніцтва. У звязку з гэтымі падзеямі незалежная даследчая суполка «Conflict Intelligence Team» дапусціла, што Расея можа таксама паспрабаваць перакінуць частку войскаў у Беларусь, каб пачаць новую атаку на поўнач Кіеўскай вобласці.

15 траўня «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла, што беларускія і расейскія органы вайсковых зносінаў цяпер актыўна абмяркоўваюць пытанні арганізацыі перакідвання чыгуначным транспартам у Беларусь расейскай вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і асабовага складу. Акрамя таго, бакі прапрацоўваюць верагоднасць ратацыйнага руху вайсковых эшалонаў з акупаваных РФ тэрыторыяў Украіны ў Беларусь і назад.

23 траўня Аляксандра Лукашэнка зрабіў важнае прызначэнне: начальнікам Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі стаў Павел Муравейка. Муравейка вядомы сваімі агрэсіўнымі заявамі адносна суседзяў Беларусі і некаторыя эксперты ўбачылі ў гэтай кадравай перастаноўцы руку Крамля.

Начальнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі Павел Муравейка.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

У дзень прызначэння новага кіраўніка Гештабу ў Менск з неанансаваным візітам прыбыў Уладзімір Пуцін. Тэмай №1 на перамовах Лукашэнкі і Пуціна была вайна ва Украіне і супрацьстаянне з Захадам. Таксама ў Менск прыляцеў новы міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў, які заявіў пра неабходнасць «прымаць дадатковыя меры па забеспячэнню бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Падчас выхаду да прэсы Лукашэнка і Пуцін распавялі журналістам пра вучэнні па адпрацоўцы выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі, а таксама шмат разважалі пра нібыта нелегітымнасць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Паводле інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн», у той жа дзень, 24 траўня, у аэрапорце Гомля прызямліўся самалёт былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Невядома ці на борце быў сам палітык і калі так, чым ён займаўся ў Беларусі. Апошні раз Януковіч быў у Беларусі ў сакавіку 2022 году, неўзабаве пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну, якое разгортвалася ў тым ліку з беларускай тэрыторыі. Паводле звестак The Washington Post, Януковіч тады чакаў захопу Кіева, каб вярнуцца ва Украіну і стварыць там марыянеткавы пракрамлёўскі ўрад.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра нечаканы візіт Пуціна ў Менск
2024.05.24 20:51

Вялікі наступ  немагчымы

Усе гэтыя падзеі пакідаюць пэўную прастору для інтэрпрэтацыяў, аднак самі па сабе яны не з’яўляюцца прадвеснікамі эскалацыі.

Хаця нарошчванне расейскай авіяцыйнай групоўкі ў Беларусі сапраўды назіраецца, яе колькасць не дае падставаў казаць пра тое, што адбываецца нешта надзвычайнае. «Беларускі Гаюн» нагадвае, што да жніўня 2023 г. на аэрадромах «Баранавічы» і «Мачулішчы» пастаянна знаходзілася адзінаццаць верталётаў і дзевяць знішчальнікаў РФ.

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла пра падрыхтоўку перакідвання расейскіх войскаў на беларускую тэрыторыю, але няма інфармацыі ні пра колькасць вайсковых эшалонаў, што плануецца накіраваць у Беларусі, ні пра тэрміны іх адпраўкі.

Ці можа гэта быць прыкметай падрыхтоўкі да фармавання расейскай наступальнай групоўкі, якая потым пойдзе штурмаваць Кіеў? Тэарэтычна так. Аднак тут можа быць і іншае тлумачэнне. «Беларускі Гаюн» дапускае, што гэта частка планавання вучэнняў рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, якія анансуюцца на 2025 год. Акрамя таго, прапрацоўка лагістычных пытанняў можа сведчыць пра тое, што Крэмль зноў збіраецца выкарыстаць Беларусь як трэнавальную базу для расейскіх мабілізаваных.

На сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі адсутнічае ўдарная групоўка, здольная ўчыніць наступленне Кіеў, і фармавання такой групоўкі не назіраецца. Вайсковы аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка сцвярджае, што ў кароткатэрміновай або сярэднетэрміновай перспектыве гэта немагчыма: фармаванне наступальнай групоўкі зойме мінімум некалькі месяцаў. Акрамя таго ў Расеі ў цяперашні час няма свабоднага рэсурсу, каб сфармаваць ударны кулак для настолькі маштабнай аперацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны харакар. Украінскі вайсковец рыхтуецца да стральбы з самаходнай гаўбіцы 2С1 па расейскіх войсках у Данецкай вобласці, Украіна. 21 траўня 2024 года.
Фота: Oleksandr Ratushniak / Reuters / Forum

Агулам для наступу на Кіеў у лютым 2022 года Расея сканцэнтравала на тэрыторыі Беларусі не менш за 30 тысяч жаўнераў ды яшчэ каля 15 тысячаў у Бранскай і Курскай вобласцях. Досвед 2022-га паказаў, што гэтых сілаў апрыёры недастаткова. Плюс цяпер нельга разлічваць на эфект нечаканасці – наступаць давядзецца на добра падрыхтаваныя пазіцыі ЗСУ. З гэтага вынікае, што групоўка на кіеўскім кірунку мусіць быць у разы больш магутная – паводле некаторых ацэнак, мінімум 100–120 тысячаў. Адзіная магчымасць знайсці столькі войску – правесці ў РФ новую хвалю мабілізацыі.

Калі арыентавацца на досвед 2022 года, стварэнне і разгортванне групоўкі, якая была б здольная штурмаваць Кіеў, зойме не менш за 4 месяцы (некалькі тыдняў на мабілізацыю, мінімум 2 месяцы на рыхтаванне рэзервістаў і больш за месяц на канцэнтраванне групоўкі). Таму нават калі ўжо цяпер у РФ абвесцяць мабілізацыю (а пакуль прыкметаў гэтага няма), то наўрад ці ўдасца завершыць разгортванне раней за кастрычнік 2024 года.

Паўтор харкаўскага сцэнару?

Разам з тым, усе гэтыя факты можна інтэрпрэтаваць інакш, калі дапусціць, што Расея насамрэч не збіраецца ісці на Кіеў, а мае больш абмежаваныя мэты на беларускім кірунку.

Наступленне на Харкаўшчыне і актывізацыю на Сумшчыне можна лічыць часткай так званай стратэгіі «1000 іголак» (выраз аўстрыйскага вайсковага аналітыка Тома Купэра). Рэч у тым, што найбольшая праблема, з якой сутыкаецца Украіна, – гэта недахоп жывой сілы і тэхнікі. Наносячы серыю лакальных удараў на розных кірунках, Расея спрабуе яшчэ больш расцягнуць сілы ЗСУ. Аднак пры гэтым агрэсар не збіраецца праводзіць буйнамаштабныя аператыўна-стратэгічныя аперацыі па захопу Кіева, Харкава або Адэсы, бо на гэты ў яго няма сілаў.

Здымак мае ілюстрацыйны харакар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Калі размова ідзе не пра штурм Кіева, а пра абмежаваную аперацыю на поўначы Кіеўскай вобласці (аналагічную аперацыі на Харкаўшчыне), то такі сцэнар зусім не выглядае фантастычна. Для гэтага не трэба доўга рыхтавацца і ствараць вялікую наступальную групоўку.

Не факт, што такое абмежаванае наступленне атрымаецца спыніць адразу на мяжы. Вядома, што ЗСУ працяглы час умацоўвалі свае пазіцыі на беларускім кірунку, аднак досвед апошніх падзеяў паказвае, што тут можа быць шмат нюансаў. Калі пачаўся чаканы наступ Расеі на поўначы Харкаўскай вобласці, то высветлілася, што ўкраінскае камандаванне аказалася да гэтага не гатовае, а на мяжы не было неабходных фартыфікацыяў.

Калі нешта падобнае Расея паўторыць на беларускім кірунку, то на стратэгічным узроўні сітуацыю ў вайне гэта не зменіць. Аднак адкрыццё новага фронту ў Кіеўскай вобласці дазволіць дадаткова расцягнуць рэзервы ЗСУ і стане вялікім прапагандысцкім поспехам Крамля.

Праўда, такі сцэнар абсалютна нявыгадны Лукашэнку. Любая спроба адкрыць другі фронт на беларускай мяжы будзе мець непрадказальныя наступствы для ягонага рэжыму. Як мінімум, гэта можа прывесці да абстрэлаў памежных раёнаў, як максімум – да таго, што ЗСУ потым самі зойдуць на тэрыторыю Беларусі.

Рыторыка Лукашэнкі апошняга часу ўказвае на тое, што ён хоча пазбегнуць уцягвання ў вайну. У красавіку падчас візіту ў Маскву ён тлумачыў расейскім журналістам, што ўступленне Беларусі будзе нібыта толькі на руку NATO, ды і ўвогуле закрыць новы фронт на тысячу кіламетраў нерэальна. Паводле Лукашэнкі, запусціць ракету «Іскандэр» па Кіеву – прасцей за ўсё. Аднак тады Беларусі прыйдзецца сутыкнуцца з наступствамі: «палова Беларусі знаходзіцца ў радыусе 100 кіламетрах ад Кіева». «Мы хочам сябе праблемаў? Не хочам», – зазначыў ён.

Аналітыка
Лічбы паразы або парытэту? Разбіраемся, колькі інвестуюць у вайну РФ, Украіна і Захад
2024.05.21 06:00

Або звычайнае ІПСА?

Аднак цалкам магчыма і тое, што Масква ўвогуле нічога сур’ёзнага на беларускім кірунку ўвогуле не плануе.

Украінскі Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі 27 траўня заявіў, што Расея актывізуе інфармацыйна-псіхалагічныя спецаперацыі (ІПСА), накіраваныя на распаўсюджванне інфармацыі пра нібыта адкрыццё другога фронту з боку Беларусі.

Як зазначыў кіраўнік Цэнтру, украінскі афіцэр Андрэй Каваленка, мэта гэтых укідаў – расцягнуць украінскія сілы і паўплываць на лагістыку, стварыўшы паніку сярод насельніцтва. «Для гэтага яны нагнятаюць сітуацыю інфармацыйна, каб наша камандаванне звяртала больш увагі на гэты напрамак», – упэўнены ён. Паводле Каваленкі, ЗСУ гатовыя да пагрозаў з беларускім кірунку, аднак «у цяперашні час такая пагроза ляжыць выключна ў інфармацыйнай плоскасці».

Версія Цэнтру супрацьдзеяння дэзынфармацыі на сённяшні дзень выглядае, мабыць, найбольш праўдападобна. Тут можна ўбачыць паралелі з падзеямі канца 2022-га – пачатку 2023 году, калі Расея таксама мэтанакіравана нагнятала абстаноўку на беларускім кірунку, стварала ўражанне падрыхтоўкі да наступлення, аднак насамрэч проста хацела заблытаць камандаванне ЗСУ.

Разам з тым, ніколі не трэба забываць пра сумны досвед лютага 2022 году, калі нагнятанне абстаноўкі сапраўды было часткай падрыхтоўкі да ўварвання, а афіцыйны Кіеў не здолеў адэкватна ацаніць гэтую пагрозу.

Аналітыка
Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?
2024.04.01 08:26

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў