У Нарачы бацька і сын памерлі, выпіўшы антыфрыз


У аграгарадку Нарач бацька і сын вырашылі выпіць антыфрыз, які знайшлі на палігоне бытавых адыходаў. Абое не выжылі пасля спажывання такога «напою».

Бутэлька, знойдзеная экспертамі падчас агляду дому памерлых.
Фота: sudexpert.gov.by

Паведамленнем ў міліцыю аб смерці двух мужчын 1966 і 1993 гадоў нараджэння паступіла ад дыспетчара хуткай медычнай дапамогі, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў.

Вядома, што мужчыны, якія працяглы час злоўжывалі алкаголем, прынеслі дадому з палігону бытавых адыходаў літровую бутэльку з ружовай вадкасцю.

У бутэльцы аказаўся антыфрыз, які выкарыстоўваецца для ахалоджвання рухавікоў у аўтамабілях.

Пасля распіцця вадкасці абодва мужчыны памерлі.

Паводле вынікаў судовай экспертызы, смерць наступіла ад вострага атручання ў выніку спажывання вадкасці, якая ўтрымлівала ў сваім складзе этыленгліколь у смяротных дозах. У бацькі таксічная канцэнтрацыя была перавышаная ў 8 разоў, а ў сына – у 20.

Згодна з тлумачэннем дзяржаўнага медычнага судовага эксперта, этыленгліколь – гэта празрыстая алеістая вадкасць без колеру і паху, якая мае саладкаваты смак. Найчасцей ён выкарыстоўваецца ў антыфрызах, якія падфарбоўваюцца ў розныя колеры.

Па факце смерці мужчын праводзіцца праверка супрацоўнікамі Мядзельскага раённага аддзелу следчага камітэту.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў