З чэргамі на літоўскай мяжы стала горш: на «Мядзінінкаі» можна прастаяць ужо тры дні


Праблемы з чэргамі на межах Беларусі даўнія, але пакуль не вырашаюцца, а толькі пагаршаюцца. «Белсат» расказвае, які стан чэргаў на 29 траўня.

Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Берасце». 29 траўня 2024 года.
Фота: Gpk.gov.by

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі станам на раніцу 29 траўня публікуе такія лічбы чэргаў на выезд з Беларусі:

  • «Грыгароўшчына – Патэрніекі» (Латвія): 30 легкавікоў, 360 грузавікоў, з ночы сітуацыя амаль не мянялася.
  • «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва): 110 легкавікоў, 770 грузавікоў, з ночы не стала значна лепш.
  • «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва): 80 легкавікоў, 680 грузавікоў, з ночы легкавікоў стала на траціну менш.
  • «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча, грузавы): 400 грузавікоў, з ночы без зменаў.
  • «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча): 300 легкавікоў, 54 аўтобусы, ад поўначы было 350 легкавікоў і 58 аўтобусаў.

Паводле звестак літоўскіх памежнікаў (PDF), чэргі на раніцу 29 траўня такія:

  • «Мядзінінкай»: на ўезд у Літву 780 грузавікоў і 130 легкавікоў, на выезд у Беларусь – 520 грузавікоў і нуль легкавікоў.
  • «Шальчынінкай»: на ўезд у Літву 670 грузавікоў і 60 легкавікоў, на выезд у Беларусь – 535 грузавікоў і нуль легкавікоў.

Апошні лічыльнік, імаверна, не працуе: на камеры назірання «Каменнага логу», нягледзячы на вельмі нізкую якасць карцінкі, можна разглядзець, што легкавікоў перад беларускім пунктам пропуску стаіць даволі шмат. Ды і на шматлікіх фота і відэа ў чатах відаць даўжэзныя чэргі з Літвы ў Беларусь. Адно з відэа – як машына едзе ўздоўж чаргі з літоўскага боку больш за тры з паловай хвіліны, а чарга ўсё не сканчаецца.

Ды канал «Infotrans Media Belarus» працягвае біць трывогу: чарга легкавікоў на ўезд у Беларусь з Літвы праз «Мядзінінкай» расцягнулася ўжо на 3 км, сярэдні час чакання – тры дні, «шмат перагонных машын». Днём раней пісалі пра чаргу ў 2,8 км, наракалі на працу толькі 2 праходаў з 7 на літоўскім баку.

Што пішуць у чатах: калапс на «Мядзінінкаі», умерана кепска на іншых пераходах

У адным з чатаў беларусаў на тэму пераходу мяжы праз «Мядзінінкай» карыстальнік пісаў, што 28 траўня ў літоўскіх памежнікаў працаваў толькі адзін з тых праходаў. Яшчэ адзін карыстальнік скардзіўся, што на літоўскім пункце пропуску працаваў толькі адзін мытнік. Трэці наракаў, што стаіць у чарзе ўжо 42 гадзіны і яшчэ не выехаў у Беларусь, чацвёрты – што 46 гадзін. Пяты – што чарга з Літвы ўжо расцягнулася 5 км. Шосты – што з Беларусі ў Літву праходзіў мяжу паўтара дня, сёмы – што за 28 гадзінаў, восьмы – 30 гадзінаў… Чаканне ў аўтобусах куды меншае: пішуць, ад прыезду на «Мядзінінкай» да выезду на Ашмяны – менш за тры гадзіны, з Беларусі ў Літву – сем гадзінаў на мяжы. Але адзін з карыстальнікаў наракае: «у літоўцаў завісае база на пашпартным кантролі, чарга з аўтобусаў».

У другім чаце карыстальнік піша, што чарга на «Мядзінінкай» расцягнулася ўжо на 4 км і ідзе з хуткасцю «1 км на дзень». Іншы ў тым жа чаце пісаў, што за мінулы дзень аніводная машына не выйшла з зоны чакання ад 12 да 18 гадзінаў, а пасля 18 упусцілі 20–30 машын. Яшчэ адзін расказваў, што 27–28 траўня стаяў у чарзе больш як 32 гадзіны.

У трэцім чаце рэкламуюць новую паслугу: «Пастаю за вас у чарзе з боку Літвы з заменай аўто».

У чаце пра пераход мяжы праз «Шальчынінкай» таксама наракаюць на доўгія чэргі, але пішуць, што там куды лепей за «Мядзінінкай», час чакання карацейшы, прапускаюць па 5 машынаў на гадзіну.

Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Грыгароўшчына». 29 траўня 2024 года.
Фота: Gpk.gov.by

У чаце пра «Патэрнікі» адзін карыстальнік піша, што прайшлі мяжу з Латвіі ў Беларусь за 9 з лішнім гадзінаў, другі – што за 10, трэці – што з Беларусі ў Латвію праехаў за 7 гадзінаў, чацвёрты – за 5.

У чаце пра «Тэрэспаль» наракаюць на мясцовых жыхароў, якія перапрадаюць месцы ў чарзе ці ўлазяць без чаргі, але адзначаюць, што да канфлікту падключыліся памежнікі, чарга пайшла хутчэй. Адзін з карыстальнікаў расказвае, што з Польшчы ў Беларусь прастаяў чаргу ў 2 км, прайшоў мяжу за менш як 16 гадзінаў, дзякуючы польскім сілавікам, якія «вырашылі пытанне з прадаўцамі месцаў». Другі прайшоў польска-беларускую мяжу ўсяго за 10 гадзінаў, трэці – што праехаў мяжу з Беларусі ў Польшчу ўсяго за 6 гадзінаў.

«Белсат» паспрабаваў атрымаць каментар ад літоўскага боку аб прычынах вялікіх чэргаў на мяжы. Атрымаў адказ аб тым, што праблемы няма.

Hавiны
Літва не пабачыла праблемы ў чэргах на мяжы: «Мядзінінкай» працуе ў звычайным рэжыме
2024.05.29 13:11

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў