Падкінуў сяброўку на рэйс Ryanair: як стала магчымым, што ў аэрапорце Вільні прызямліўся беларускі самалёт?


28 траўня стала вядома, што раніцай у аэрапорце Вільні сеў самалёт з Беларусі. Для беларускіх перавозчыкаў еўрапейскае неба зачынена з 2021 года. Але, як высветлілася, гэта не азначае, што прыляцець у ЕЗ нельга ніводнаму беларускаму борту.

Фота: sergei.vardomatski / Facebook.com

Гаворка ідзе пра спартовую мадэль пад кіраваннем прыватнай асобы, а пасадку дазволілі толькі пасля праверкі, якую праходзяць усе нерэгулярныя рэйсы.

Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў і пілот на сваёй старонцы ў Facebook. Высветлілася, што злётаў за мяжу беларускі айцішнік Сяргей Вардамацкі.

Іранізуючы над выпадкова створанай інфападставай, ён назваў сябе «апошнім міжнародным» і «самым знакамітым» прыватным пілотам з Беларусі.

А таксама ўдакладніў, што адправіўся ў Вільню, каб падкінуць сяброўку на рэйс Ryanair.

«Ніхто ніколі не закрываў паветра ў ЕЗ для беларускіх самалётаў, як і не забараняў прыязджаць на сваім аўтамабілі… Палёты абмежаваныя для перавозчыкаў, гэта значыць для камерцыйнай дзейнасці», – напісаў Сяргей Вардамацкі.

І дадаў, што пра гэта мала хто ведае, таму што «і было двое, хто часам лётаў».

«Але, можа, пасля гэтага больш людзей даведаюцца, што авіяцыя – гэта блізка, і яшчэ пару чалавек прыйдуць у неба і пачнуць лётаць», – паспадзяваўся беларус.

Прамыя рэйсы ў Беларусь з еўрапейскіх краін і палёты Belavia над Еўропай былі адменены пасля інцыдэнту з бортам Ryanair вясной 2021 года.

23 траўня 2021 года ў Беларусі прымусова пасадзілі пасажырскі самалёт «Ryanair» – як аказалася, каб затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча. Захоп самалёта з пагрозамі бомбай і баявой авіяцыяй абурыў заходніх палітыкаў – некаторыя называлі гэта «паветраным пірацтвам». Мноства авіякампаніяў адмовілася лятаць у Беларусь.

4 чэрвеня Еўразвяз забараніў беларускім авіякампаніям палёты над сваёй тэрыторыяй і выкарыстанне сваіх аэрапортаў.

Каментар
«Рэгіянальная авіякампанія Расеі». За кошт чаго выжывае «Белавія» ва ўмовах санкцыяў?
2023.12.26 17:38

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў