Амбасадары Еўрапейскага Звязу 4 чэрвеня прынялі план забароны беларускім авіякампаніям лётаць па-над тэрыторыяй ЕЗ або прызямляцца ў аэрапортах ЕЗ, а таксама забароны авіякампаніям ЕЗ лётаць па-над Беларуссю. Пра гэта са спасылкаю на еўрапейскіх дыпламатаў піша «Reuters».
Такое рашэнне стала часткай больш шырокіх эканамічных санкцыяў супраць Беларусі ў адказ на прымусовае прызямленне самалёта з Раманам Пратасевічам.
Рашэнне павінна ўступіць у сілу апоўначы паводле цэнтральнаеўрапейскага часу (CET).
Выконваць забарону будзе даручана ўрадам ЕЗ, шмат якія з іх таксама ёсць чальцамі NATO. Яны могуць выкарыстоўваць знішчальнікі дзеля абароны сваёй паветранай прасторы ад непажаданых самалётаў.
Нагадаем, што колькасць авіялайнераў, якія выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі для палётаў у Еўразвяз і праз яго, пасля інцыдэнту з «Ryanair» ужо скарацілася амаль на 40 %.
МГ belsat.eu