Аляксандра Герасіменя: Цяпер спартоўцы выступаюць за рэжым, а не для народу


Вядомая спартоўка і алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя лічыць, што беларусаў цяпер не цікавяць Алімпійскія гульні, таму атрымліваецца так, што спартоўцы выступаюць у Пекіне толькі за рэжым Лукашэнкі. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю «Белсату».

Аляксандра Герасіменя ў студыі «Белсату».
Фота: ЯП / Белсат

«У цяперашняй сітуацыі Алімпійскія гульні адыходзяць на другі план. Народ не цікавіць спорт. Яны не хочуць заўзець за спартоўцаў. Яны перажываюць за сваіх блізкіх, за тых, хто сядзіць у турмах, за тых, хто пацярпеў… Усе гэтыя пафасныя выхады на Алімпійскія гульні, прэзентаванне беларускага сцяга… ды ён не патрэбны нікому. Цяпер спартоўцы рэальна выступаюць за рэжым. Яны не выступаюць для народу, бо народу гэта не патрэбна.

Кожны зрабіў свой выбар. Я цудоўна разумею спартоўцаў, яны рэальны вельмі доўга рыхтуюцца і прапусціць Гульні праз такую складаную сітуацыю не кожны зможа, бо ў кагосьці гэта могуць быць апошнія Гульні. Але мне падаецца, што можна было знайсці спосаб выступаць на гэтых Гульнях, але не прадстаўляць рэжым», – адзначыла яна.

Герасіменя лічыць, што не дарма беларускія спартоўцы на адкрыцці Алімпіяды ў Пекіне неслі адразу два дзяржаўныя сцягі, хаця ўсе каманды неслі па адным. На яе думку, такім чынам спартоўцы хацелі «паказаць сваю прыналежнасць да гэтага рэжыму». «Я вельмі здзівілася, што яны яшчэ партрэт (Лукашэнкі. – Заўв. belsat.eu) не ўзялі», – дадала Герасіменя.

Каментуючы той факт, што Аляксандра Лукашэнку не запрасілі на адкрыццё Алімпіяды ў Пекіне, Герасіменя адзначыла:

«Мабыць, разумеюць, што Лукашэнка ненадоўга, і сябраваць з ім не вельмі камільфо. Усе разумеюць, і мы даўно кажам пра тое, што гэта чалавек-прывід. Хутка ўвогуле яго не будзе як палітыка, а можа і як чалавека».

Hавiны
«Баязлівец Лукашэнка канчаткова здаў Беларусь». Аляксандра Герасіменя запісала зварот пра пагрозу вайны
2022.01.28 13:00

РР belsat.eu

Стужка навінаў