За паўгода расейскія вайскоўцы перакінулі ў Беларусь амаль 1400 вагонаў боепрыпасаў


Тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» апублікаваў статыстыку па колькасці завезеных з лютага ў Беларусь расейскіх боепрыпасаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейская вайсковая тэхніка ў Беларусі.
Фота: Радыё «Свабода»/Telegram

Так, у Беларусь з Расеі з лютага па жнівень 2022 года было завезена 37 267 тон «улічаных» боепрыпасаў. Гэта 1390 вагонаў.

Найбольшую колькасць боепрыпасаў расейскія вайскоўцы завезлі перад пачаткам маштабнай вайны ва Украіне ў лютым. Так гэта выглядае па месяцам:

  • за люты было ўвезена 26769 тон (951 вагон);
  • за сакавік было ўвезена 8089 тон (359 вагонаў);
  • за чэрвень было ўвезена 618 тон (22 вагоны);
  • за ліпень было ўвезена 1708 тон (52 вагоны);
  • за жнівень было ўвезена 83 тоны (6 вагонаў).
Спісы перакідвання расейскіх боепрыпасаў у Беларусь. Крыніца: belzhd_live/Telegram

Асноўнымі месцамі разгрузкі боепрыпасаў былі чыгуначныя станцыі Гомельскай вобласці, а таксама станцыі Ліда, Баранавічы, Лунінец, Асіповічы, Берасце ды некаторыя іншыя.

Hавiны
Генштаб ЗСУ: Беларусь і Расея сістэмна рыхтуюцца да эскалацыі
2022.10.27 15:58

Нагадаем, што цяпер ў Беларусь зноў перакідваецца расейская тэхніка і вайскоўцы. Падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выступіў з рэзкімі абвінавачаннямі на адрас Украіны: нібыта афіцыйны Кіеў плануе нанесці ўдары па тэрыторыі Беларусі. Ён таксама паведаміў, што супольна з Уладзімірам Пуціным пастанавіў разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. Эшалоны з расейскімі вайскоўцамі пачалі прыбываць у Беларусь 15 кастрычніка. Афіцыйна заяўлена, што з Расеі ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць 9 тысяч вайскоўцаў, 170 танкаў, да 200 бронемашынаў і каля 100 гарматаў і мінамётаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў