Святлана Ціханоўская агучыла прыярытэты працы Офісу і Аб’яднанага кабінету


Пра галоўныя кірункі працы Офісу і Аб’яднанага пераходнага кабінету абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская распавяла падчас Другой канферэнцыі беларусаў свету, што гэтымі днямі праходзіць у Вільні.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Офіс Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет сканцэнтруюцца на наступных прыярытэтах:

  • Адбудоўванне беларускай суб’ектнасці

«Гэта няпроста, бо мы ва ўнікальнай сітуацыі: мы народ краіны, якая нам не належыць, – пракаментавала Ціханоўская агучаны кірунак дзейнасці. – Мы змагаліся за тое, каб беларусаў і рэжым падзялялі, і ў нас ёсць поспехі. Але цяпер перад намі яшчэ большы выклік».

Офіс, Аб’яднаны кабінет і Каардынацыйную раду Ціханоўская назвала структурамі, што «ўзмацняюць палітычную субʼектнасць беларусаў».

  • Павелічэнне ўплыву дыяспары на падзеі і працэсы ў Беларусі

Беларуская лідарка зазначыла, што «разрыў паміж беларусамі ўнутры краіны і звонку павялічваецца».

«Многія праекты, медыі, ініцыятывы паступова становяцца ўсё больш скіраванымі на абмеркаванне і ўладкаванне нашых мясцовых праблемаў, дзякуючы чаму расце гэтая адлегласць. Але ў Беларусі ўсё так жа шмат людзей, якія хочуць пераменаў. Але ці думаюць гэтыя людзі, што мы з вамі прадстаўляем іхныя інтарэсы? Нашая з вамі праца – адказаць на гэтае пытанне, даць беларусам у краіне пачуццё пляча, быць крыніцай веры ў будучыню, інфармаваць і дапамагаць», – зазначыла Ціханоўская.

  • Прыцягненне рэжыму да адказнасці і ціск

Ужо сёння рыхтуецца глеба для пачатку трыбуналу над Лукашэнкам і прадстаўнікамі ягонага рэжыму, сказала Святлана Ціханоўская.

«Сілавікі, суддзі, пракуроры, чыноўнікі пры ўладзе мусяць адчуваць, што ў іхных дзеянняў будуць наступствы. Што кожны прысуд на гады нявінным людзям – гэта злачынства, за якое ў будучыні давядзецца адказаць, – зазначыла абраная прэзідэнтка. – Перамовы пачнуцца толькі тады, калі гэтыя людзі адчуюць, што пагроза панесці пакаранне, быць прыцягнутым да адказнасці рэальная».

  • Вызваленне палітзняволеных і дапамога іхным сем’ям

Паводле Ціханоўскай, ужо цяпер трэба шукаць спосабы вызваляць людзей.

«Мы ўздымаем гэтае пытанне кожны дзень. Нам трэба дабівацца паляпшэння ўмоваў у турмах. Лабіяваць дапамогу для рэпрэсаваных і іхных семʼяў. Шукаць спосабы вызвалення цяжка хворых і ўразлівых групаў», – сказала беларуская лідарка.

22–23 красавіка ў Вільні праходзіць Другая канферэнцыя беларусаў свету, ініцыяваная Святланаю Ціханоўскай.

Першая канферэнцыя беларусаў свету прайшла ў верасні 2021 года і сабрала прадстаўнікоў 40 арганізацыяў беларускіх дыяспараў з 26 краінаў. Чакаецца, што ў сёлетняй канферэнцыі паўдзельнічаюць больш за 100 беларусаў і беларусак ад дыяспараў, а таксама прадстаўнікі структураў дэмакратычных сілаў.

Увесь выступ Святланы Ціханоўскай на канферэнцыі можна прачытаць праз  спасылку.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў