У Вільні пачалася II канферэнцыя беларусаў свету


У Вільні пачалася II канферэнцыя беларусаў свету. На адкрыцці выступіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. 

У Вільні праходзіць II канферэнцыя беларусаў свету.
Фота: Белсат

22-23 красавіка ў Вільні праходзіць ІІ Канферэнцыя беларусаў свету, якую ініцыявала Святлана Ціханоўская. Абраная прэзідэнтка Беларусі адкрыла форум, павітаўшы ўдзельнікаў.

«На нас вялікая адказнасць, бо цяпер мы голас 9 мільёнаў беларусаў. Беларусаў, якія кожны дзень жывуць у страху за свае жыцці, бо рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Беларусаў, якія не ведаюць, што будзе заўтра, бо з-за стану эканомікі ў краіне яны не жывуць, а выжываюць. Беларусаў, якія супраць вайны, супраць размяшчэння ядравай зброі і дыктатуры«, – сказала Ціханоўская.

Паводле яе адзнакі, канферэнцыя праводзіцца ў адказ на запыты беларускай дыяспары. Двухдзённая праца будзе прысвечана выпрацоўцы механізма больш шчыльнай супрацы паміж палітычнымі структурамі і ініцыятывамі беларусаў свету, распрацоўцы крокаў па падтрымцы беларусаў у Беларусі, палітзняволеных і іх сем’яў.

Першая Канферэнцыя беларусаў свету прайшла ў верасні 2021 года і сабрала прадстаўнікоў 40 арганізацыяў беларускіх дыяспараў з 26 краінаў. Чакаецца, што ў сёлетняй Канферэнцыі прымуць удзел больш за 100 беларусаў і беларусак ад дыяспараў, а таксама прадстаўнікі структураў дэмакратычных сілаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў