Стольтэнбэрг: Усе саюзнікі ў NATO згодныя, што Украіна павінна стаць сябрам альянсу


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг пасля візіту ў Кіеў заявіў, што ўсе чальцы альянсу пагадзіліся з тым, што Украіна павінна стаць яго сябрам. Аб гэтым ён паведаміў па прыбыцці на сустрэчу кантактнай групы ў справе Украіны.

Сцягі Украіны і NATO. Крыніца: ukrinform.pl

«Усе саюзнікі ў NATO згодныя з тым, што Украіна павінна стаць сябрам альянсу», – заявіў Енс Стольтэнбэрг.

Паводле яго, цяпер галоўную ўвагу краіны альянсу павінны надаць «забеспячэнню перамогі Украіны над Расеяй». Стольтэнбэрг таксама адзначыў, што на сустрэчы ў справе Украіны, якая праходзіць 21 красавіка, краіны NATO абмяркуюць перадачу ёй розных тыпаў самалётаў.

«Што тычыцца самалётаў, краіны NATO – Польшча, Славаччына – ужо перадалі Кіеву шэраг самалётаў МіГ-29, ідзе дыскусія аб перадачы іншых тыпаў самалётаў, гэта будзе абмяркоўвацца на сустрэчы сёння», – сказаў ён.

Генеральны сакратар NATO падкрэсліў, што альянс гатовы прыняць усе неабходныя захады для стрымлівання атак на ўкраінскія тэрыторыі і павінен пастаянна ацэньваць ваенныя патрэбы Украіны.

Нагадаем, 20 красавіка Енс Стольтэнбэрг упершыню за 14 месяцаў канфлікту наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Па выніках перамоваў яны правялі прэс-канферэнцыю, на якой Стольтэнбэрг заявіў, што краінам NATO неабходна вызначыць перспектыву сяброўства Украіны ў альянсе: «Паўнапраўнае месца Украіны – у еўраатлантычнай сям’і», і «з часам гэтая мэта будзе дасягнутая».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў