У Польшчы трох жаўнераў абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў на мяжы. Урад абураны


У Польшчы выбухнуў скандал, звязаны з затрыманнем вайсковай паліцыяй трох жаўнераў, якія адкрылі папераджальны агонь падчас спробы мігрантаў прарвацца праз мяжу з Беларуссю.

Як паведамляе выданне «Onet», інцыдэнт меў месца ў канцы сакавіка – пачатку красавіка ў зоне заставы ў Дубічах-Царкоўных. Паводле звестак журналістаў, у той дзень праз агароджу незаконна прабралася група прыкладна з 50 маладых мужчынаў. Польскія жаўнеры спачатку зрабілі некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, аднак гэта не дапамагло, мігранты працягнулі рухацца наперад. Тады вайскоўцы пачалі страляць у зямлю перад імі ў мэтах самаабароны. Агулам зрабілі 43 стрэлы. У выніку мігранты мусілі адступіць на тэрыторыю Беларусі.

Пасля гэтага інцыдэнту вайсковая паліцыя затрымала трох жаўнераў, на іх начапілі кайданкі. Пракуратура абвінаваціла жаўнераў у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і стварэнні небяспекі для жыцця іншых людзей. Пазней іх вызвалілі з-пад варты, але падазрэнні не знялі, яны цяпер адхіленыя ад выкання службовых абавязкаў.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш назваў затрыманне польскіх жаўнераў непрымальным. Ён паабяцаў, што ўсе абставіны дзеянняў вайсковай паліцыі будуць высветленыя.

«Жаўнеры, якія стаяць на варце бяспекі дзяржавы, мусяць быць пэўныя, што іх абараняюць прававыя працэдуры. Я заўсёды буду стаяць на баку гонару польскіх жаўнераў», – напісаў ён у сацсетцы X.

Прэмʼер-міністр Дональд Туск таксама жорстка пракаментаваў інцыдэнт з затрыманнем польскіх жаўнераў.

«Я атрымаў даклад ад міністра нацыянальнай абароны. Паводзіны пракуратуры і вайсковай паліцыі ў дачыненні нашых вайскоўцаў выклікаюць у людзей слушную заклапочанасць і гнеў. Чакаю хуткіх арганізацыйных, прававых і кадравых высноваў і пастановаў», – заявіў кіраўнік ураду Польшчы.

Hавiны
На польска-беларускай мяжы зноў сур’ёзна паранены памежнік: пераломлены чэрап, пашкоджанае вока
2024.06.05 09:35

Падчас прэс-канферэнцыі 6 чэрвеня Касіняк-Камыш зазначыў, што вайсковая паліцыя праявіла «празмерную стараннасць».

Нагадаем, што з вясны 2024 года Польшча стала фіксаваць рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі. У праваахоўных органах Польшчы зазначаюць, што расце не толькі колькасць мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца праз мяжу, але і іхная агрэсіўнасць. Цягам апошніх тыдняў паведамлялася пра шэраг выпадкаў, калі польскія жаўнеры атрымлівалі сурʼёзныя раненні ў выніку нападу мігрантаў. Участак заставы ў Дубічах-Царкоўных лічыцца адным з найбольш небяспечных.

Аналітыка
Расея тэстуе польскую мяжу? Чаму мігранты сталі ўсё часцей атакаваць памежнікаў Польшчы
2024.06.06 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў