ЗША гатовыя даць Украіне крэдыт на $ 50 мільярдаў, але толькі калі ЕЗ працягне санкцыі супраць Расеі


Злучаныя Штаты Амерыкі гатовыя прадставіць Украіне крэдыт на 50 мільярдаў долараў. Пагашацца ён будзе з прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў. Умова для такога крэдыту – працягненне Еўразвязам санкцыяў супраць расейскіх актываў да канца вайны, паведамляе Financial Times.

Сцягі Украіны і ЗША
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Украіны і ЗША на канферэнцыі аб вучэннях «Rapid Trident 2014» у Явараве, Украіна. 19 верасня 2014 года.
Фота: Joshua Leonard / U.S. Army photo / Flickr

На дадзены момант санкцыі супраць замарожаных расейскіх актываў мусяць падаўжацца кожныя шэсць месяцаў. ЗША настойваюць на іх працягненні да канца вайны, каб за кошт прыбытку ад іх мець магчымасць гасіць крэдыт. Калі актывы будуць размарожаныя, ЗША панясуць фінансавыя страты.

Гэтая прапанова ЗША выкладзеная ў дыскусійным дакуменце Еўразвязу, падрыхтаваным да онлайн-сустрэчы міністраў фінансаў Еўразвязу, якая адбудзецца ў сераду 5 чэрвеня з мэтай абмеркавання збору грошай для фінансавання Украіны.

Вашынгтон настойвае на падпісанні пагаднення напярэдадні саміту лідараў G7, які пройдзе ў Італіі на наступным тыдні. Чакаецца, што механізм фінансавання, падмацаваны прыбыткам ад замарожаных актываў, стане цэнтральным элементам падтрымкі Украіны.

Асноўным варыянтам, які разглядаецца, ёсць план ЗША крэдытавання Украіны, магчыма, у тандэме з іншымі краінамі G7, які прыблізна адпавядае «непрадбачаным прыбыткам» ад сотняў мільярдаў долараў замарожаных актываў Расеі, якія захоўваюцца на Захадзе. Дыпламаты кажуць, што такім чынам можна атрымаць да 50 мільярдаў долараў.

Дакладныя дэталі крэдыту, у тым ліку тэрмін яго пагашэння, адсоткавая стаўка, ці будзе ён прадстаўлены праз пасярэдніка ці наўпрост, яшчэ будуць вызначацца.

Але Вашынгтон разглядае магчымасць крэдыту толькі калі Еўразвяз будзе дзяліць прыбытак ад расейскіх актываў для пагашэння крэдыту і гарантуе, што «актывы расейскага Цэнтральнага банку, якія ў ЕЗ, застануцца імабілізаваныя, пакуль Расея не пагодзіцца сплаціць страты, нанесеныя Украіне».

Аб’ектыў
Бельгія вылучыць Украіне не менш за 977 мільёнаў еўраў
2024.05.28 20:36

Асноўная частка расейскіх актываў застаецца ў бельгійскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папераў «Euroclear», які прыносіць прыкладна 3 мільярды еўраў прыбытку на год.

Урады некаторых краінаў ЕЗ асцерагаюцца патэнцыйных фінансавых наступстваў такіх гарантыяў.

«Амерыканцам, імаверна, давядзецца прызнаць, што ЕЗ не можа даць жалезную гарантыю ад стратаў», – паведаміла FT крыніца, абазнаная ў хадзе перамоваў.

Другі варыянт, які разглядаецца, прадугледжвае, што ЕЗ разам з іншымі краінамі G7 выдадуць Украіне двухбаковыя крэдыты, падмацаваныя прыбыткам ад расейскіх актываў, замарожаных у іх уласнай юрысдыкцыі. Гэта можа патэнцыйна вымагаць ад ЕЗ выкарыстання «запасу» ў рамках свайго супольнага бюджэту – крок, які патрабуе ўсебаковай згоды, якой не дасягнуць хутка.

Нягледзячы на тое, што Францыя, Нямеччына і Італія чальцы G7, рашэнні, якія мусіць ухваліць ЕЗ, патрабуюць кансэнсусу ўсіх 27 краінаў – сябраў ЕЗ, уключна з Вугоршчынай, прэм’ер-міністр якой Віктар Орбан захоўвае права накласці вета на рашэнне пра санкцыі.

Hавiны
Кангрэс ЗША зацвердзіў маштабны пакет дапамогі Украіне
2024.04.24 10:52

ЗША, Еўразвяз і іншыя краіны ўвялі санкцыі і замарозілі актывы Расеі і расейскіх алігархаў на суму каля 300 мільярдаў долараў пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Пазней Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла законапраект аб канфіскацыі расейскіх актываў для Украіны.

У сакавіку кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЕЗ Жузэп Бурэль прапанаваў накіраваць 90 % прыбыткаў ад расейскіх актываў, замарожаных у Еўропе, у фонд Еўразвязу, што фінансуе вайсковую дапамогу Украіне.

Паводле «Reuters», каля 70 % усіх расейскіх актываў, сканцэнтраваных на Захадзе (каштоўных папераў і грашовых сродкаў расейскага Цэнтрабанку на 190 мільярдаў еўраў), захоўваюцца ў цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папераў «Euroclear» у Бельгіі.

Канчатковая пастанова аб выкарыстанні прыбытку з расейскіх актываў павінна быць прынятая на саміце Групы сямі ў Італіі ў чэрвені сёлета.

Hавiны
Шольц: каля 90 % даходаў ад замарожаных актываў Расеі пойдуць на ваенныя патрэбы Украіны
2024.05.07 11:49

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў