Плюс тысяча новых вакансіяў за тры дні. Рынак працы ў Беларусі працягвае штарміць


У Беларусі працягвае расці дэфіцыт працоўных кадраў. Пра гэта сведчаць звесткі Рэспубліканскага банку вакансіяў станам на 4 чэрвеня. У параўнанні з канцом лютага сітуацыя выглядае яшчэ нашмат больш крытычнай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Паводле інфармацыі цэнтру, цяпер у Беларусі 155 022 вакансіі. Гэта на 1012 вакансіяў больш, чым было ўсяго тры дні таму – 1 чэрвеня. Прычым рост ідзе ўвесь час: 29 траўня краіне былі патрэбныя 153 902 працаўнікі, 27 траўня – было крыху больш за 152 тысячы вакансіяў, 8 траўня было адкрыта 148 741 пазіцыяў для працаўнікоў.

Тры месяцы таму, станам на 29 лютага, у Беларусі было 137 256 вакансіяў. То бок, рост колькасці запатрабаваных працаўнікоў з таго часу склаў амаль 18 тысячаў чалавек. Фактычна, прырост ідзе на 6 тысячаў вакансіяў штомесяц.

Як змяніўся топ рэйтынгу

Топ-10 рэйтынгу трохмесячнай даўніны не змяніўся. Але ў кожнай спецыяльнасці мы зафіксавалі рост колькасці вакансіяў. І даволі істотны.

Гэтак, колькасць запатрабаваных слесараў вырасла на 9,9 % (з 9228 да 10139 вакансіяў), кіроўцаў – на 11,6 % (з 8751 да 9764), а дактароў – на 7 % (з 6513 да 6972).

Сярод астатніх спецыяльнасцяў першай дзясяткі найбольш рост колькасці вакансіяў зафіксаваны сярод прадаўцоў – на 18,5 % (з 2063 да 3084) і медычных сясцёр – на 14,1 % (з 3750 да 4279).

Лік запатрабаваных электраманцёраў павялічыўся на 10,1 % (з 4298 да 4731), зваршчыкаў – на 8,9 % (з 2283 да 2486), трактарыстаў – на 8,5 % (з 3615 да 3923), швачак – на 4,8 % (з 1941 да 2035). Вакансіяў кухараў стала больш на 3 % – з 2564 да 2644.

Разам з колькасцю вакансіяў растуць і заробкі, якія гатовыя прапанаваць спецыялістам. Гэтак, зваршчыкам абяцаюць  заробкі ажно да 7000 рублёў (было да 6000), кіроўцам, лекарам і трактарыстам – да 5000. Яшчэ тры месяцы таму дактарам абяцалі максімум 4000 рублёў, а трактарыстам – 3000.

Прапанаваныя заробкі слесарам выраслі з 3000 да 4300 рублёў, а вось электраманцёрам упалі.

Заробкі, якія наймальнікі гатовыя прапанаваць медычным сёстрам, прадаўцам, кухарам і швачкам, вагаюцца ў дыяпазоне ад 2000 да 2160 рублёў. Тры месяцы таму дыяпазон быў нашмат шырэйшы – ад 1600 да 3000 рублёў.

Найбольш вакансіяў адкрыта ў Менску – 39 180. Найменш жа шукаюць працаўнікоў на Магілёўшчыне – 16 443. У абодвух выпадках рост колькасці вакансіяў склаў 13 %.

Агляд
Даследаванне BEROC: беларусы пачалі меней эканоміць на харчах і забаўках
2024.06.05 08:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў