Літва можа адмовіцца ад паслугаў кампаніі, што мелася друкаваць пашпарт Новай Беларусі


Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы вядзе правяранне дзейнасці кампаніі «Garsų pasaulio», што вырабляе бланкі пашпартоў і іншых дакументаў, а таксама працавала над пашпартам Новай Беларусі. Паводле вынікаў правярання Літва можа адмовіцца ад паслугаў фірмы, паведаміла прэм’ер-міністарка краіны Інгрыда Шыманіце.

Выява альтэрнатыўнага беларускага пашпарта на II канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

«Калі кампанія будзе прызнаная нядобранадзейнай, будуць шукацца іншыя магчымасці вырабу асабовых дакументаў», – заявіла прэм’ер-міністарка і патлумачыла, што фірма, якая ўдзельнічае ў працэсе вырабу дакументаў, не можа выклікаць сумневаў ні ў плане празрыстасці, ні ў тым, што датычыць нацыянальнай бяспекі.

Раней літоўскі партал 15min.lt, Беларускі расследавальніцкі цэнтр пры падтрыманні Кіберпартызанаў апублікавалі расследаванне, у якім знайшлі сувязі кампаніі «Garsų pasaulio» з так званым гаманцом Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым. У адказ на гэтую інфармацыю Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы і Служба расследавання фінансавых злачынстваў пры МУС распачалі правяранне.

Літоўская кампанія, якую выбралі для друку пашпартоў «Новай Беларусі», называецца «UAB Garsų pasaulis». Паводле прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў замежных справах Валера Кавалеўскага, кантракту з гэтай кампаніяй пакуль няма, але ўжо падпісаны мемарандум наконт супрацы і праведзеная вялікая падрыхтоўчая праца.

Але закавыка ў тым, што «Garsų pasaulis» была замяшаная ў карупцыйных скандалах у такіх краінах, як Кыргызстан, Зімбабвэ, Малдова. Нягледзячы на гэта, літоўскія службы дапускаюць «Garsų pasaulis» да друку бланкаў важных дакументаў у Літве, у тым ліку і пашпартоў.

Аднак журналістам БРЦ удалося высветліць, што «Garsų pasaulis» мае сувязі з кампаніяй, часткай якой валодае Віктар Шаўцоў, якога журналісты называюць «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Ён, напрыклад, зарабляў на праектах у Венесуэле праз кампанію «Белзамежбуд», быў адным з канцавых уладальнікаў «Трастбанку» (да 2004 года «Інфабанк», які ЗША западозрылі ў адмыванні грошай для Садама Хусэйна).

Hавiны
Журналісты БРЦ знайшлі сувязь паміж пашпартам «Новай Беларусі» і «гаманцом» Лукашэнкі
2024.05.28 21:30

Кампанія «Garsų pasaulis» была звязаная з беларуска-літоўскім прадпрыемствам «GP Holographics», што вырабляе ахоўныя галаграмы для еўрапейскага рынку і часткай якой валодае Віктар Шаўцоў.

Дырэктарка «Garsų pasaulis» Ана Янаўскіене адзначыла, што ейная кампанія раней супрацоўнічала з «GP Holographics», але ў лютым 2022 года спыніла дачыненні з пастаўляльнікамі з краінаў, якія напалі на Украіну, і што апошняя партыя з ахоўнымі галаграмамі ад кампаніі «GP Holographics» паступіла ім у студзені 2023 года згодна з замовай, аформленай у сакавіку 2022-га.

Са словаў Валера Кавалеўскага, які непасрэдна займаецца праектам пашпарту «Новай Беларусі», літоўскую кампанію дэмакратычным сілам параіў Мікіта Забуга. Той яшчэ ў 2022 годзе пачаў разам з Геральдычнай радай працу над пашпартам «Новай Беларусі», якая пасля была перададзеная Кабінету.

Мікіта Забуга расказаў, чаму абраў менавіта «Garsų pasaulis».

«Па-першае, такая арганізацыя ў Літве адна. Яна на сённяшні дзень друкуе пашпарты больш чым 10 краінам. Друкавала больш чым 30 краінам за ўвесь час свайго існавання. Таму ў мяне недаверу не было».

Hавiны
Адзіная друкуе пашпарты ў Літве: Забуга пра тое, як знайшоў кампанію для пашпарту «Новай Беларусі»
2024.06.02 22:17

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў