Жыхара Воршы двойчы асудзілі за знявагу Лукашэнкі


Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што 4 чэрвеня ў судзе Аршанскага раёну і Воршы была разгледжаная крымінальная справа палітзняволенага Сяргея Гняўка. Яго абвінавацілі ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК), прычым паўторна.

Палітзняволены Сяргей Гняўко.
Фота: spring96.org

Першы раз Сяргея Гняўка асудзілі паводле гэтага ж артыкулу (ч. 1 арт. 368 КК) у судзе Кастрычніцкага раёну Менску 5 траўня. Прысуд невядомы, аднак у большасці выпадкаў за знявагу Лукашэнкі людзей пазбаўляюць волі, зазначаюць праваабаронцы.

Новую справу разглядала суддзя Юлія Вяршыніна. Паводле матэрыялаў суда, Сяргей Гняўко быў дастаўлены ў спецізалятар Аршанскага РУУС за ўчыненне адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). У стане алкагольнага апʼянення і ў прысутнасці супрацоўнікаў УУС ды працаўніка спецізалятару мужчына публічна зрабіў выказванне, якое змяшчала ненарматыўную лексіку на адрас Лукашэнкі. Гэта і паслужыла падставаю для крымінальнага пераследу.

Суд прызнаў Сяргея Гняўка вінаватым і прызначыў яму на падставе ч. 2 арт. 368 КК пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на чатыры гады.

Да гэтага пакарання суд часткова далучыў неадбытае пакаранне паводле папярэдняга прысуду і канчаткова прызначыў палітзняволенаму чатыры гады шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў