Улады не разлічваюць на беларусаў, якія з'ехалі. Міграцыйная палітыка робіць стаўку на замежнікаў


Улады не разлічваюць на вяртанне беларусаў, якія пакінулі краіну, але падумваюць над тым, як не выпускаць тых, хто яшчэ застаўся. Значна большую надзею беларускія чыноўнікі ўскладаюць на прыцягненне замежнікаў. Гэта вынікае з комплексу захадаў, якія ўрад зацвердзіў для рэалізацыі Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: zviazda.by

Канцэпцыю міграцыйнай палітыкі на 2024–2028 гады прынялі ў студзені гэтага года. Дакумент прызнаваў, што «міграцыйны адток» грамадзянаў за межы Рэспублікі Беларусь, каб «заняцца працоўнаю дзейнасцю і на сталае месца жыхарства», робіцца праблемай, але канкрэтных крокаў для яе развязання не прадугледжваў.

Цяпер з гэтаю мэтаю Міністэрства ўнутраных справаў распрацавала праграму і комплекс захадаў да яе, таксама разлічаныя на 2024–2028 гады. Праграму зацвердзіла пастанова МУС № 115 за 22.04.2024. Яе няма ў адкрытым доступе, але з «Белсатам» тэкстам гэтага дакументу падзяліўся «BELPOL».

З праграмы вынікае, што дзяржава мае намер развязаць праблему нястачы працоўнай сілы двума асноўнымі шляхамі: ствараць умовы для прытоку ў краіну замежнай працоўнай сілы і рабіць захады, каб не так актыўна зʼязджалі свае. Але баланс гэтых двух кірункаў не на карысць беларусаў.

Не так даўно Міністэрства эканомікі ў асобе намесніцы міністра Таццяны Бранцэвіч заяўляла, што «на першым месцы паводле актуальнасці для Беларусі мае быць задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш – вяртанне грамадзянаў, якія эмігравалі». Тым не менш ніякіх планаў для вяртання беларусаў, якія зʼехалі, праграма не прадугледжвае. У раздзеле «захаванне кадравага патэнцыялу краіны і зніжэнне адтоку беларускіх грамадзянаў за мяжу» маецца толькі адзін пункт, дый той з разраду «забараніць». Чыноўнікі плануюць вывучыць «неабходнасць скарэктаваць падставы для абмежавання права на выезд грамадзянаў Рэспублікі Беларусь з Рэспублікі Беларусь». Стварэнне ўмоваў, пры якіх беларусы перастануць масава пакідаць радзіму, не прадугледжанае.

Hавiны
Сацыёлаг: Пасля 2020-га Беларусь пакінулі 500-600 тысяч чалавек – як Горадня і Берасце разам узятыя
2024.05.08 20:48

Затое нашых суайчыннікаў, якія выязджаюць ці прыязджаюць, плануюць яшчэ больш старанна лічыць і яшчэ больш пільна за імі сачыць.

У прыватнасці ўжо ў 2024 годзе запланавана забяспечыць «атрыманне звестак у электронным выглядзе пра мінанне грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пунктаў пропуску дзяржаўнай мяжы Расейскай Федэрацыі».

Таксама звесткі пра міграцыю насельніцтва для кантролю за сітуацыяй плануецца атрымліваць з «аўтаматызаваных сістэмаў МУС», а парадак іх атрымання запланавалі «ўдасканаліць». Што менавіта стане больш дасканалым, не ўдакладняецца.

Найбольш увагі праграма надае таму, як улады будуць прыцягваць у краіну замежную працоўную сілу. Чыноўнікі плануюць весці «інфармацыйна-тлумачальную працу» з тымі замежнымі грамадзянамі, якія прыязджаюць у Беларусь на нейкі час, каб яны засталіся на ПМЖ.

Плануюць таксама спрашчаць выдачу дазволаў на ПМЖ тым, хто атрымліваў адукацыю ў нашай краіне, а пакуль яны вучацца, навучальныя ўстановы будуць займацца іхнаю «сацыяльнай і культурнай адаптацыяй». Іх будуць анкетаваць, каб даведацца, як зацікавіць застацца ў Беларусі. Піярыць нашую краіну як месца, прывабнае для жыцця, плануецца і за мяжой.

Магчымыя змены ў заканадаўстве пра наданне статусу ўцекача, дадатковай абароны, прытулку і часовай абароны: яго плануюць пераглядзець і скарэктаваць.

Інфаграфіка
Плюс тысяча новых вакансіяў за тры дні. Рынак працы ў Беларусі працягвае штарміць
2024.06.05 12:21

Улады не выключаюць, што ў Беларусі будуць арганізаваныя лагеры для часовага размяшчэння грамадзянаў, якія хадайнічаюць аб абароне, арганізаваныя моўныя курсы для іх. Прадугледжаная папулярызацыя інфармацыі пра тое, як выглядае працэдура атрымання абароны ў Беларусі, лібералізацыя візавага рэжыму.

Мяркуючы з праграмы, чакаецца «адначасовае і масавае» прыбыццё замежнікаў у нашую краіну: каб падрыхтавацца да гэтага, чыноўнікі плануюць распрацаваць «тыпавы план захадаў» у справе іхнага прыёму. Задзеяныя будуць і Міністэрства аховы здароўя, і КДБ, і аблвыканкамы, і Мінпрацы, і Мінадукацыі.

«Гэта абсалютна звычайная палітыка абсалютнай большасці дыктатарскіх краінаў. Свае адукаваныя людзі – гэта пагроза для палітычнай улады, таму тыя, хто добраахвотна з’ехаў, – ну і Бог з імі», – пракаментаваў «Белсату» міграцыйную палітыку Беларусі адвакат Алесь Міхалевіч.

Куды больш бяспечна замяшчаць іх бяспраўнымі таннымі эмігрантамі, якія дэ-факта здольныя працаваць за ежу і пры гэтым не мець ніякіх палітычных правоў, каб ад іх у любы момант можна было пазбавіцца, мяркуе наш суразмоўца.

Эксперт згадаў, што гэтак выглядае палітыка Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, куды таксама прыязджае танная працоўная сіла:

«У нейкі момант, калі хто-небудзь з іх уладам не падабаецца, яму анулюецца віза, ён высылаецца з краіны і ўжо больш ніколі сюды не вяртаецца».

Такая палітыка – мара любога дыктатара, мяркуе Міхалевіч, але адзначае, што яна не вельмі рэальная: высокакваліфікаваныя адмыслоўцы не будуць працаваць за капейкі. Чыноўнікі разумеюць сур’ёзнасць кадравай праблемы, але, як любая дыктатура, паміж эфектыўнасцю і захаваннем улады выбіраюць апошняе.

Адсутнасць намераў вяртаць беларусаў, якія з’ехалі, Міхалевіч тлумачыць бяссіллем уладаў у гэтым пытанні, адсутнасцю дзейных механізмаў для вяртання: «Таму ўсё гэта афармляецца дакументам, што не так нам гэта і патрэбна.

Акрамя таго, тыя хто з’ехаў, – гэта патэнцыйна небяспечныя для ўлады людзі, гэта тыя, хто ў 2020-м складаў касцяк пратэставай актыўнасці».

Што да намераў не выпускаць тых, хто застаецца ў Беларусі, то яны, на думку ўладаў, ужо не ўяўляюць пагрозы, тлумачыць Міхалевіч. Яны не абавязкова падтрымліваюць улады, але цяпер не важна, што думаюць гэтыя людзі, галоўнае, што яны маўчаць і не выказваюць пратэсту. «Вы працуеце за ежу і маленькія грошы, ну то і працуйце, вы, можа, і не рабы, але прыгонныя сяляне, якія павінны заставацца тут, вы калгаснікі часоў ранняга Савецкага Саюзу, якім не давалі пашпартоў, яны не маглі з’ехаць з калгасу», – апісвае Міхалевіч логіку ўладаў.

«У прынцыпе, нічога новага, гэта вяртанне да старых правераных савецкіх практык», – падсумаваў эксперт.

Разбор
Хто будзе лячыць беларусаў? Ці заменіць Лукашэнка нелаяльных беларускіх медыкаў на мігрантаў?
2024.04.09 07:00

Алена Голуб/Сяргей Падсасонны  belsat.eu

Стужка навінаў