Дзевяць крымінальных спраў і арышт па даносе Бондаравай. Рэпрэсіі 5 чэрвеня


У Беларусі судзілі 74-гадовага пенсіянера за абразу прадстаўніка ўлады, а намесніка дырэктара event-агенцтва затрымалі пасля даносу Вольгі Бондаравай. Пра гэтыя і іншыя парушэнні правоў, якія сістэмна працягвае ўлада ў Беларусі, у штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.

Будынак Менскага гарадскога суда. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

У Гомлі 5 чэрвеня пачынаюць судзіць па крымінальнай справе працаўніка гандлёвага дому «Рогачевъ» Дзяніса Жалезку. Мужчыну абвінавачваюць па 9 артыкулах Крымінальнага кодэксу нібыта за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы», «паклёп», «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных», «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі», «абразу Аляксандра Лукашэнкі«, «абразу прадстаўніка ўлады», «дыскрэдытацыю РБ».

Акалічнасці ўзбуджэння крымінальнай справы супраць Дзяніса высвятляюцца, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Дзяніс з Петрыкава, скончыў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, працаваў у гандлёвым доме Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната.

А Гомельскі абласны суд судзіў 74-гадовага пенсіянера з Хойнікаў Анатоля Кірэйчыка за паклёп, абразу прадстаўніка ўлады, абразу суддзі альбо народнага засядацеля і незаконнае захоўванне боепрыпасаў.

Суддзя Яўген Шаршнёў прызнаў пенсіянера вінаватым і прызначыў Кірэйчыку 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь. Судом таксама вырашана пытанне аб спагнанні з абвінавачанага на карысць пацярпелых маральнай шкоды, расказвае «Вясна».

Hавiны
Суд прызнаў «экстрэмісцкім» допіс у «экстрэмісцкім» Telegram-канале «экстрэмісцкага» «Белсату»
2024.06.03 19:19

Па даносе прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай затрыманы намеснік дырэктара event-агенцтва «Ружовая зебра» Алег Астраленка. На відэа, якое ГУБАЗіК зняў пад прымусам, мужчына «прызнаецца», што двойчы ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

За каментары жорстка затрыманы жыхар Магілёва. У відэа сілавікоў паказаныя каментары, якія нібыта пакінуў ён. Там гаворыцца пра полк Каліноўскага і прапаноўваў прызнаць Алмаз, АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Яшчэ адзін затрыманы мужчына кажа на відэа сілавікоў, што нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, абражаў міліцыянтаў і пісаў пра іх месцазнаходжанне, а таксама абмяркоўваў выраб і выкарыстанне «кактэйляў Молатава».

КДБ наклаў арышт на дом гарадзенскага актывіста Сяргея Верамеенкі. Пра гэта ён распавёў у «Facebook»:

«Той самы дом, які калісьці належаў майму дзеду – ветэрану Другой Сусветнай вайны, кавалеру ордэна “Айчынная вайна”, Пракопчыку Сцяпану Васілевічу».

Сяргей і Вольга Верамеенка – уладальнікі крамы нацыянальнай сімволікі «Адметнасць». КДБ абвясціў краму «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў траўні СК распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Вольгі.

«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызнанае YouTube-шоу «Женщины тяжелого поведения» Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 5 чэрвеня, паведамляе «Вясна». Паводле МУС, дачыненне да праекту маюць Анастасія Карасёва, Марына Ментусава і Кацярына Раецкая.

Аўтаркі праекту адзначаюць у апісанні шоу, што яно «створанае беларускамі для беларусак» і ў ім «разам з калегамі, жанчынамі медыя, палітыкі, навукі і культуры мы абмяркоўваем што можна зрабіць, каб жыццё дзяўчынак, дзяўчат і жанчын стала лепшым».

Таксама абноўлены спіс рэсурсаў, якія ў Беларусі абвешчаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Даданыя:

  • Telegram-канал «Беларусь 2.0 Робім разам»;
  • Instagram старонка «politzonabelarus»;
  • Інтэрнет-старонка «defendersbelarus.оrg»;
  • Facebook-старонка «Беларуская Нацыянальная Памяць»;
  • TikTok-старонкі «sens.livе», «Пра Кастусь», «Black Swan», «Вектар на Беларусь. Навiны».
Hавiны
У Следчым камітэце распавялі пра маштабы палітычных рэпрэсіяў у Беларусі
2024.05.31 17:37

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў