Прызначылі дату апеляцыі ў справе супраць журналіста Ігара Карнея


Вярхоўны Суд разгледзіць апеляцыйную скаргу Ігара Карнея 7 чэрвеня, паведамляе «Вясна». Яго пакаралі 3 гадамі калоніі і штрафам 20 тысяч рублёў за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».

Журналіст Ігар Карней.
Крыніца: «Вясна» / spring96.org

У Вярхоўным Судзе рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынёўствам суддзі Аляксандра Саўчука.

Ігара Карнея затрымалі раніцаю 17 ліпеня 2023 года пасля ператрусу ў ягонай кватэры. Спачатку мужчыну прызначылі адміністратыўны арышт, але на волю ён не выйшаў. З Акрэсціна Ігара Карнея перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы. 3 гады калоніі яму прысудзілі ў Менскім гарадскім судзе. Працэс вёў суддзя Сяргей Кацар.

Апошнімі гадамі Карней працаваў на радыё «Свабода» – да таго, як журналістаў медыя пазбавілі акрэдытацыі ў Беларусі.

Ігар Карней і раней трапляў пад рэпрэсіі, быў на соднях у разгар ковіду ў 2020 годзе.

«Усе беларускія журналісты траплялі пад рэпрэсіі раней, і Ігар у тым ліку. Думаю, у 2020 годзе гэта былі не першыя ягоныя содні на Акрэсціна. У 2020-м ён адбываў пакаранне там, потым яго перавялі ў Жодзіна. Мы яшчэ публікавалі тады ягоныя турэмныя нататкі. Яго пазбавілі акрэдытацыі, як і многіх іншых журналістаў. І нягледзячы на небяспеку, ціск, магчымае затрыманне, ён працягваў заставацца ў Менску», – расказваў «Белсату» намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Падтрымаць Ігара Карнея можна, напісаўшы на адрас: Турма № 4, вул. Крупскай, 99а, 212011, Магілёў, Ігару Карнею.

Hавiны
«Карыфей журналістыкі». Што вядома пра Ігара Карнея, якому пагражае 6 гадоў няволі
2024.03.19 20:54

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў