Байдэн заявіў, што біць амерыканскай зброяй па Крамлі ўкраінцам нельга. А па чым можна?


Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэн у інтэрв’ю ABC News паведаміў, для ўдараў па якіх цэлях у Расеі Збройныя сілы Украіны могуць выкарыстоўваць пастаўленую ім амерыканскую зброю.

Від на Крэмль. Масква, Расея.
Фота: Ганна Іларыёнава / Pixabay

Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што амерыканскую зброю нельга выкарыстоўваць для нападу на сталіцу Расеі або рэзідэнцыю ўраду.

«Іх дазволена выкарыстоўваць паблізу мяжы, калі другі бок мяжы выкарыстоўваецца для нанясення ўдараў па канкрэтных цэлях ва Украіне», – сказаў Джо Байдэн.

Ён адзначыў, што ЗША не санкцыянуюць «удараў на 200 міляў [320 кіламетраў. – рэд. belsat.eu] углыб Расеі», а таксама па Маскве і Крамлі.

Байдэн пракаментаваў заявы кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна пра тое, што пастаўка ва Украіну высокадакладнай зброі для нанясення ўдараў па тэрыторыі Расеі ёсць адкрытым удзелам у гэтай вайне.

«Я ведаю яго больш як 40 гадоў. Ён непакоіць мяне ўжо 40 гадоў. Ён не годны чалавек. Ён дыктатар, і ён з усіх сілаў намагаецца гарантаваць, што ўтрымлівае сваю краіну, працягваючы пры гэтым наступ. Мы не гаворым пра тое, каб даць ім зброю для ўдараў па Маскве, для ўдараў па Крамлі – толькі праз мяжу, адкуль яны зазнаюць сурʼёзны абстрэл са звычайнай зброі, якую расейцы выкарыстоўваюць, каб трапіць ва Украіну і забіць украінцаў», – дадаў прэзідэнт ЗША.

Нагадаем, на мінулым тыдні Злучаныя Штаты і больш як дзясятак краінаў Еўропы афіцыйна далі Украіне дазвол на выкарыстанне заходняй зброі на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Пры гэтым пэўныя абмежаванні для ЗСУ амерыканцы ўсё-ткі пакінулі.

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс лічыць, што Украіна, каб абараніцца ад расейскай агрэсіі, можа біць па вайсковых цэлях і ў Беларусі.

Аналітыка
Крок да эскалацыі ці да карэннага пералому? Што азначае дазвол на ўдары па аб’ектах у РФ
2024.06.03 19:23

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў